ПВК «Вагнер» пасля бунту распускае ўсіх былых зняволеных па дамах — «Важные истории»

Камандаванне ПВК «Вагнер» вырашыла адпусціць дадому ўсіх былых зняволеных з ліку наймітаў групоўкі. Многія раней асуджаныя баевікі цяпер знаходзяцца ў гатэлях Анапы ў чаканні памілавання. Пра гэта даведалася выданне «Важные истории», вывучыўшы паведамленні сваякоў наймітаў ПВК і прадстаўнікоў групоўкі ў іх закрытых чатах.

19.07.2023 / 22:20

Найміты-зняволеныя адпачываюць у адным з гатэляў Анапы. Фота: чат іх сваякоў

«Усіх вывезлі да канца кантракта ў Анапу, раней не адпусцяць, дзень у дзень! […] Увесь праект К (так унутры ПВК называюць сістэму вярбоўкі зняволеных у калоніях. — Заўв. «Важных историй») закрыўся», — піша прадстаўніца ПВК «Вагнер».

Некаторых могуць нібыта адпусціць і да заканчэння кантракта з ПВК.

«Тэлефанаваў муж, сказаў, што цягам тыдня ўсе яны будуць адпраўленыя дадому, памілаванне прыйшло. Нават у каго ў жніўні канчаецца кантракт — усё роўна паедуць дадому раней. Гэта пра тых, хто з калоній», — піша сваячка аднаго з экс-зняволеных.

Іншая сваячка заявіла, што зняволеных хочуць адпусціць з гатэляў да 29 ліпеня.

Знаходжанне экс-зняволеных у гатэлях Анапы «Важным историям» пацвердзілі сваякі чатырох наймітаў.

Па словах адной з такіх сваячак, усіх зняволеных адпусцяць з гатэляў дадому, а далей яны пры жаданні змогуць прадоўжыць кантракт з ПВК, каб паехаць у Беларусь ці Афрыку.

Але спачатку ім трэба з'ехаць у адпачынак дадому на 14—45 дзён, удакладніла дзяўчына. Яна адзначыла, што былыя зняволеныя жывуць у цэлым гатэльным комплексе.

Адна з удзельніц чата паведаміла, што ў гатэлях цяпер жыве каля 400 вагнераўцаў. Экс-зняволеных не выпускаюць за тэрыторыю гатэляў, пакуль яны не атрымаюць памілаванне і выплаты. Некаторыя найміты сядзяць у гатэлях ужо два месяцы, распавяла іншая сваячка баевіка журналісту. 

Верагодна, гаворка ідзе пра наймітаў, якія выйшлі з зоны баявых дзеянняў да бунту — у Краснадарскім краі яны і раней праходзілі рэабілітацыю. 

Раней тэлеграм-канал Astra пісаў, што найміты ПВК «Вагнер» занялі большасць гатэляў у Краснадары. Цяпер туды рэгулярна прыязджаюць паліцэйскія і расгвардзейцы, бо вагнераўцы-крымінальнікі ладзяць бойкі і пагромы.

Чытайце таксама:

У Беларусь прыбылі яшчэ дзве калоны вагнераўцаў — «Беларускі Гаюн»

На тэрыторыі вагнераўскага лагера пад Асіповічамі знаходзіцца каля паўтысячы адзінак тэхнікі — «Радыё Свабода»

Прыгожын у сваёй першай прамове ў Беларусі заклікаў «не крыўдзіць беларускіх дзяўчат»

Nashaniva.com