Кітай хоча запусціць на арбіту тысячы спадарожнікаў, каб канкураваць са Starlink Ілана Маска 

Кітай плануе запусціць тысячы шырокапалосных спадарожнікаў на нізкую калязямную арбіту, каб вывесці ў інтэрнэт сотні мільёнаў людзей і прадаваць злучэнні па ўсім свеце. Але гэта супрацьпаставіць яго Starlink ад SpaceX. WSJ даследуе, як Кітай можа канкураваць на гэтым перапоўненым участку прасторы.

21.07.2023 / 19:59

Лічбавая выява спадарожнікавай сувязі вакол Зямлі. Фота: Andriy Onufriyenko / Getty Images

Геастацыянарныя vs. нізкаарбітальныя спадарожнікі

Дзесяцігоддзямі мы атрымлівалі інтэрнэт праз геастацыянарныя спадарожнікі. Яны знаходзяцца далёка — прыкладна за 35 тысяч кіламетраў ад паверхні Зямлі. Гэтая адлегласць дазваляе ім ахопліваць вялікую тэрыторыю і дасягаць аддаленых частак Зямнога шара. Але пры гэтым для перадачы даных патрабуецца больш часу — гэта азначае, што шырокапалосны доступ мае вялікую затрымку перадачы даных і больш нізкую хуткасць.

У той жа час спадарожнікі на нізкай калязямной арбіце, або LEO (Low-Earth orbit), месцяцца значна бліжэй — не больш за 2000 км ад паверхні Зямлі. Гэта мае вынікам тое, што спадарожнік LEO не можа ахапіць такую плошчу, як геастацыянарны, але ён можа забяспечыць больш стабільную і высокую хуткасць інтэрнэту.

Прыкладна з васьмі тысяч актыўных спадарожнікаў, якія цяпер знаходзяцца на арбіце, каля 55% належаць Starlink — падраздзяленню амерыканскай кампаніі SpaceX.

Кітай мае не меншыя амбіцыі

Яшчэ два дзесяцігоддзі таму ўсяго 4,6% насельніцтва Кітая мела доступ да інтэрнэту. Цяпер яго мае 74% жыхароў краіны (мільярд людзей). Але 362 мільёны кітайцаў не маюць доступу ў інтэрнэт і сёння. Канчаткова вырашыць пытанне з доступам можа касмічная ракета, напоўненая нізкаарбітальнымі спадарожнікамі, якія могуць даць інтэрнэт нават у аддаленыя раёны.

І Кітай зацікаўлены ў тым, каб развіваць касмічныя даследаванні і эксперыменты. У 2014 годзе ён адкрыў гэты сектар для прыватных інвестыцый. Праз пяць гадоў стартапы ў Кітаі атрымалі больш за 314 мільёнаў даляраў фінансавання. Адзінай краінай, якая прыцягнула больш фінансавання стартапаў, былі ЗША. У тым жа годзе толькі SpaceX атрымала 962 мільёны даляраў.

У 2021 годзе Кітай заснаваў дзяржаўную кампанію Sat Net, якая, як яна спадзяецца, спросціць працэс запуску спадарожнікаў і фарміравання шырокапалоснай сеткі.

Сёння Кітай заяўляе, што пабудуе не менш за 7800 спадарожнікаў. Кітайская карпарацыя аэракасмічнай навукі і тэхнікі і Кітайская карпарацыя аэракасмічнай навукі і прамысловасці ўжо запусцілі эксперыментальныя спадарожнікі на нізкую калязямную арбіту.

А стартап GalaxySpace летась запусціў некалькі актыўных спадарожнікаў — гэта пачатак цэлага сузор'я з 1000 спадарожнікаў.

Але пакуль ніводнае прадпрыемства ў Кітаі не стварыла ракету для запуску гэтых спадарожнікаў такую ж дасканалую, як Falcon 9 ад SpaceX (у Falcon 9 паскаральнікі можна выкарыстоўваць паўторна, што эканоміць грошы на выдатках на запуск).

Ракета Falcon 9 SpaceX стартуе з пляцоўкі ў Касмічным цэнтры Кенэдзі на мысе Канаверал, штат Фларыда, 20 студзеня 2021 года. У ёй партыя з прыкладна 60 спадарожнікаў для шырокапалоснай сеткі Starlink. Фота: Джон Раўкс / AP Photo

Аднак Beijing Tianbing Technology, здаецца, становіцца ўсё бліжэй да пастаўленай мэты. Хоць у кампаніі яшчэ няма шматразовай ракеты, у пачатку гэтага года яна ўпершыню адправіла на арбіту ракету на вадкім паліве. Эксперты кажуць, што гэта важны крок да стварэння шматразовай ракеты.

У канчатковым рахунку кампанія хоча распрацаваць ракеты, якія могуць запускаць да 60 спадарожнікаў за раз, што адпавядае магчымасцям Falcon 9.

Паводле ацэнак кансалтынгавай кампаніі McKinsey, кошт запуску спадарожнікаў складае ад 5 да 10 мільярдаў даляраў, а штогадовыя эксплуатацыйныя выдаткі складаюць яшчэ ад 1—2 мільярдаў даляраў. Дык у чым жа карысць?

Барацьба за глабальны рынак

SpaceX заўсёды мела на мэце выхад на глабальны рынак, і Starlink даступны сёння на ўсіх кантынентах.

У красавіку кампанія заявіла, што яе інтэрнэт дасяжны больш як у 50 краінах і цягам наступных некалькіх гадоў з'явіцца ў многіх іншых краінах Афрыкі і Азіі. SpaceX аб'ездзіла ўвесь свет, каб атрымаць дазвол ад нацыянальных рэгулятараў на продаж злучэнняў Starlink.

Кітай летась заявіў, што заключыў 149 пагадненняў аб супрацоўніцтве ў космасе з 46 нацыянальнымі касмічнымі агенцтвамі, і ўжо даў краінам Афрыкі, Еўропы і Азіі глабальную навігацыйную спадарожнікавую сістэму Beidou, якая канкуруе з GPS, што належыць ЗША.

Буйныя кітайскія кампаніі таксама пабудавалі інфраструктуру па ўсім свеце. Да 70% сеткавай інфраструктуры 4G у Афрыцы пабудавана кампаніяй Huawei.

Нягледзячы на тое, што ў мільярдаў людзей па ўсім свеце наогул няма інтэрнэту, там, дзе на яго ёсць попыт, патрэбны менавіта высакахуткасны інтэрнэт. І гэты попыт у тым ліку падахвочвае Starlink, Кітай і кампаніі ва ўсім свеце будаваць сузор'і LEO.

Перашкоды

Інтэрнэт з нізкаарбітальных спадарожнікаў патрабуе надзвычай вялікіх выдаткаў у параўнанні з традыцыйнай наземнай інфраструктурай для інтэрнэт-злучэння.

Акрамя таго, адна з самых вялікіх праблем, звязаных з пашырэннем сектара, — перазапоўненасць нізкай калязямной арбіты.

Да 2030 года, паводле ацэнак ЗША, каля планеты будзе 58 тысяч спадарожнікаў, што прыкладна на 725% больш, чым цяпер.

Толькі за апошнія два гады Федэральная камісія сувязі (ЗША) атрымала заяўкі на больш чым 64 тысячы спадарожнікаў, і эксперты NASA і гэтай камісіі асцерагаюцца, што большая колькасць спадарожнікаў можа выклікаць больш праблем.

Рэч у тым, што на нізкай калязямной арбіце шмат касмічнага смецця. Там знаходзіцца больш за 26 тысяч абломкаў памерам як мінімум з мяч акружнасцю 28—30 см. Пры сутыкненні са спадарожнікам гэтыя абломкі могуць яго разбурыць.

Калі ў наступныя гады дзясяткі ці тысячы дадатковых спадарожнікаў будуць запушчаныя і разгорнутыя на нізкай калязямной арбіце, то з'явіцца рэальная патрэба ў каардынацыі сувязяў паміж іх уладальнікамі. Аператары павінны будуць ведаць, дзе знаходзяцца іх прылады, як яны рухаюцца і якая ёсць патэнцыйная пагроза сутыкнення, адзначаюць эксперты.

Чытайце яшчэ:

500 даляраў за тэрмінал і даступнасць нават у сельскіх рэгіёнах. Чым цікавы інтэрнэт ад Ілана Маска

За апошнія гады Кітай пачаў даганяць ЗША ў многіх тэхналогіях. Вось якім будзе адказ амерыканцаў

Кітай абмяжоўвае экспарт галію і германію. Што гэта за металы і чаму забаронай Кітай бярэ свет за горла?

Nashaniva.com