«Неабходнасці ў іх функцыянаванні няма». У Мінску ліквідуюць два ліцэі

«Сёння створаны ўмовы для атрымання профільнай адукацыі на трэцяй ступені ва ўсіх школах і гімназіях. У нас сапраўды вялікая сетка профільных класаў», — даводзяць у Мінгарвыканкаме.

19.07.2023 / 09:49

Ліцэй №2. Фота: Яндэкс карты

«Мы ўваходзім у новы навучальны год з некалькімі пераўтварэннямі. У нас мадэрнізуецца сетка адукацыйных устаноў. Ліквідуюцца два ліцэі — № 1 у Маскоўскім раёне, № 2 — у Ленінскім», — сказаў «Мінск-Навінам» старшыня камітэта па адукацыі Андрэй Стрыгельскі.

Ён кажа, што рашэнне прымалася загадзя. Летась ліцэі не ажыццяўлялі набору дзяцей у 10-я класы, у гэтым выпусцілі апошнія 11-я класы.

«І фактычна ліцэі ліквідуюцца. Мінск — кампактны горад. Сёння створаны ўмовы для атрымання профільнай адукацыі на трэцяй ступені ва ўсіх школах і гімназіях. У нас сапраўды вялікая сетка профільных класаў. І сёння няма неабходнасці ў такім выглядзе ўстановы, як агульнаадукацыйны ліцэй», — кажа А. Стрыгельскі.

Паводле слоў старшыні камітэта па адукацыі, будынкі, якія вызваліліся, захоўваюцца ў сістэме адукацыі сталіцы. На месцы былога ліцэя № 2 з верасня будзе функцыянаваць корпус Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа. «Гэта дазволіць нам вырашыць задачу па павелічэнні набору навучэнцаў на педагагічныя спецыяльнасці. Зможам папаўняць кадравыя рэсурсы настаўнікамі пачатковай школы, выхавацелямі дашкольнай адукацыі. Сёння ёсць у іх патрэба», — адзначыў А.Стрыгельскі.

Будынак жа ліцэя № 1 перадаецца найбліжэйшай сярэдняй школе.

Nashaniva.com