У Мінску судзяць былога супрацоўніка СТБ разам з жонкай
У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння пачнуць судзіць пісьменніка і фатографа Змітра Баяровіча і ягоную жонку Валерыю Баяровіч. Іх вінавацяць паводле артыкула 342, ч. 1 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
19.07.2023 / 09:31
Фота: сацсеткі
Справу будзе разглядаць суддзя Юлія Інчына, піша «Вясна».
Палітзняволены Зміцер Баяровіч, пісьменнік і журналіст, быў затрыманы 14 сакавіка 2023 года разам з жонкай Валерыяй каля пад’езда іх дома. Супраць абаіх завялі крымінальную справу за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту 2020 года ў Мінску.
Напачатку Баяровічы былі змешчаныя ў турму №8, затым пераведзеныя ў СІЗА №1 на Валадарку.
Зміцер Баяровіч працаваў на дзяржаўным тэлеканале СТБ, але ў 2020 годзе звольніўся на знак пратэсту супраць гвалту ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый.
Раней, у 2012 годзе, у выдавецтве «Галіяфы» выйшла ягоная дэбютная кніга «Шалі».