У Латвіі забойцу буслоў аштрафавалі на 15 тысяч еўра

Суд Земгальскага раёна ў Латвіі прысудзіў да 140 гадзін грамадскіх работ, а таксама да штрафу 15 000 еўра мужчыну, па віне якога загінулі тры птушаняты белага бусла. Сваю віну ў зробленым абвінавачаны цалкам прызнаў.

19.07.2023 / 09:05

Фота: «Наша Ніва»

Па паведамленні пракуратуры, у ліпені 2022 года мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, ведаючы, што на даху яго дома знаходзіцца гняздо асабліва ахоўнага віду птушак — белага бусла — скінуў яго на зямлю, піша Delfi.lv.

У выніку падзення гнязда ўсе птушаняты загінулі. Пасля гэтага мужчына спаліў гняздо.

Суд палічыў, што сваімі дзеяннямі мужчына нанёс істотную шкоду прыродзе і Латвійскай Рэспубліцы і аштрафаваў яго на 15 000 еўра.

Nashaniva.com