Кот Чэрчыль прабыў пад заваламі ў Львове 11 дзён. Як ён выжыў без вады і ежы?
«Сёння раніцай на лапках яшчэ пастаяў, але амаль адразу лёг — яшчэ цяжка яму падымацца», — кажа шчаслівая ўладальніца ката.
19.07.2023 / 07:40
Фота: Аксана Кашак
У Львове з-пад завалаў дома, ад удару па якім 6 ліпеня загінулі дзесяць чалавек, выцягнулі жывога ката Чэрчыля. Ратавальнікі кажуць, што ён быў там усе гэтыя 11 дзён.
Уладальніца ката, 37-гадовая жыхарка Львова Вольга, распавяла Украінскай службе Бі-бі-сі, што ўжо і не спадзявалася, што ката выцягнуць з-пад завалаў жывым.
Ад удару той ноччу загінула яе мама, а двое катоў знікла, і яна, хутчэй, магла паверыць у тое, што Чэрчыль збег і заблукаў.
Іншага свайго ката яна пазней бачыла ў двары дома. Чэрчыль жа знік бясследна.
Праз некалькі дзён пасля абстрэлу жанчына прыйшла ў сваю разбураную кватэру, каб забраць ацалелыя рэчы, але ката не знайшла. Ніхто нават не мяўкаў.
Будаўнікі разбіраюць разбураныя верхнія паверхі дома, пацярпелага ад расійскай ракеты
«Таму я думала, што калі ўжо і знойдуць пад заваламі, то наўрад ці будзе жывы. Папярэджвала будаўнікоў, якія разбіраюць у гэтыя дні верхнія паверхі: хлопцы, можа быць такая сітуацыя, што знойдзеце тут ката», — кажа яна.
Але праз 11 дзён у двор да жыхароў дома на вуліцы Стрыйскай, дзе яны дагэтуль гуртуюцца і шукаюць ацалелыя рэчы або свойскіх жывёл, зайшоў адзін з будаўнікоў з жывым катом. Ён шукаў уладальніцу.
Вольга кажа, што была настолькі шакаваная, што разгубілася і нават не спытала ў мужчыны імя, каб падзякаваць за выратаванне Чэрчыля.
Выратавальнік Валерый
Украінская служба Бі-бі-сі наведала гэты львоўскі двор і знайшла мужчыну, які прынёс Вользе яе гадаванца. Валерый дагэтуль разбірае завалы на Стрыйскай і спыняе на некалькі хвілін сваю працу дзеля размовы.
Мужчына распавёў, што насамрэч Чэрчыля знайшлі яго калегі. Але кот шыпеў на іх, таму яны паклікалі дапамагчы Валерыя.
«Я калісьці працаваў у цырку, з жывёламі працаваў», — тлумачыць мужчына.
Валерый вынес Чэрчыля са зруйнаванай кватэры
Вольга з мамай і катамі жыла на чацвёртым, самым высокім, паверсе гэтага дома, і ў гэтай жа кватэры ратавальнікі знайшлі ката.
«Я падышоў, ён ля канапы быў — ці хаваўся ўвесь гэты час пад канапай, ці… ну, ён на месцы ляжаў, абяссілены, слабы, але шыпеў».
Валерый дакладна не ведае, дзе быў кот 11 дзён. Але канапа, як кажа мужчына, была цалкам заваленая, і калі хлопцы знялі завалы з канапы — пад імі ўбачылі ката.
Магчыма, ён мог перасоўвацца пад канапай і дзесьці там знайшоў рэшткі вады ці ежы — ніхто не ведае.
«І я не ведаю, ці заходзіла туды вада, — кажа Валерый. — Там сухое месца, яшчэ і накрытае было. На гэтую канапу яшчэ ўсё падала, бо мы з даху бэлькі зрывалі, і яны сюды падалі».
Нягледзячы на невялікі супраціў ката, будаўнік узяў яго на рукі і панёс уніз. Кажа, што хацеў у вагончыку пакінуць, але прараб параіў падысці да людзей, жыхароў дома, якія непадалёк ад руін сядзелі сярод дрэў у двары.
Чэрчыль у клініцы
«Я падышоў, кажу: хто тут валанцёры па жывёлах? Ката пачалі фатаграфаваць, тэлефанаваць да валанцёраў, і дзесьці хвілін праз пяць адна жанчына, якая таксама стаяла і фатаграфавала, кажа, што гэта ж яе, і расплакалася. Яна яго неяк па імені назвала, і я ёй аддаў».
Як кот выжыў без ежы і вады?
Хутчэй за ўсё, Чэрчыль усё-такі хаваўся пад канапай.
Калі яго прывезлі ў ветэрынарную клініку, шэрстка не была брудная, як звычайна бывае пасля знаходжання пад друзам, кажуць у львоўскай клініцы «Доктар Вет».
Але як яму ўдалося выжыць 11 дзён без ежы і вады?
«Каты не могуць не есці больш за два дні, — кажа галоўная доктарка ветклінікі Алена Яцкавец. — Тады ў іх пачынаецца ліпідоз, гэта значыць тлушчавая дыстрафія клетак печані».
Вада яшчэ больш неабходная, чым ежа. Але ні візуальна, ні УГД-агляд ката Чэрчыля не паказвае на тое, што ў яго развілася гэтая хвароба, кажа доктар.
«Прыкметы ліпідозу ёсць, але яны не ярка праяўляюцца, таму мы прыемна здзіўленыя».
У свеце жывых арганізмаў гэта не такая і адзінкавая з'ява, кажа Яцкавец. Яна ўспамінае выпадкі, калі пад заваламі дамоў пасля землятрусаў выжывалі немаўляты.
А што тычыцца жывёл, то яны фізіялагічна гатовыя да экстрэмальных сітуацый. У іх актывізуюцца кампенсаторныя механізмы, тлумачыць доктар, і, па сутнасці, адны органы пачынаюць працаваць за іншыя.
Хоць прадукты жывёле пастаўляе сістэма стрававання, тлумачыць Яцкавец, органы знаходзяцца пад кантролем у гарманальнай сістэме, якая ў стрэсавай сітуацыі вылучае картызол — гармон, які падтрымлівае арганізм ва ўмовах хранічнага стрэсу.
Таксама, кажа доктар, у такія моманты адначасова ў крыві падскоквае адрэналін, што дапамагае выжываць як людзям, так і жывёлам.
«Калісьці былі даследаванні, што ў экстрэмальных умовах жывёліна без ежы можа прабыць 120 дзён», — кажа Яцкавец.
Не здзіўляе яе і тое, што Чэрчыль усе гэтыя дні не мяўкаў. Падчас экстрэмальнага стрэсу каты часта заміраюць, кажа доктар.
Цяпер кот ідзе на папраўку, але за ім яшчэ з тыдзень будуць наглядаць, удакладняюць у бальніцы.
Кот, які сам абраў сабе імя
Чэрчыль, калі так можна сказаць пра катоў, нарадзіўся ў кашулі.
У двары, куды 11 дзён таму заляцелі ракеты, многія людзі дагэтуль шукаюць сваіх гадаванцаў — пра гэта сведчаць аб'явы ў двары.
Чэрчыль за сняданкам. Фота: Вольга
«Ён абязводжаны і знясілены, а так толькі адзін клок выдраны, і ўсё», — распавядае Вольга.
Цяпер яна выходжвае ката ў часовым доме ў модульным мястэчку. Кажа, што ён яшчэ слабы і пераважна спіць.
«Сёння раніцай на лапках яшчэ пастаяў, але амаль адразу лёг — яшчэ цяжка яму падымацца».
Чэрчыль і Вольга разам 11 гадоў, ёй не першы раз выходжваць гэтага ката.
Яна знайшла яго на вуліцы, калі яму было толькі чатыры тыдні, ён яшчэ не ўмеў сам есці, а нейкі мужчына проста на вачах жанчыны выкінуў кацяня ў сметніцу.
«Я яго выцягнула і пакінула ў сябе. Ён быў такі маленькі, безабаронны, а вакол было шмат бяздомных сабак. Я баялася, што яго проста раздзяруць», — кажа жанчына.
Калі Вольга прынесла чорнага, пухнатага і трохі мокрага ката дадому, яго поўсць тырчала ў розныя бакі. Нябожчыку айчыму, як кажа жанчына, ён здаўся падобным да чорціка, і так у сям'і вырашылі падабраць яму мянушку на літару «Ч».
«Калі сказалі Чэрчыль — ён павярнуўся, таму фактычна сам сабе абраў імя», — кажа Вольга.
Так кот пражыў з яе сям'ёй усё сваё жыццё, дадае яна.
«Ён вуліцы баіцца, машын баіцца, калі неслі яго на стэрылізацыю — вельмі перажываў. Таму тое, што адбылося, я нават не ведаю, як ён гэта перажыў».
Вольга паказвае свежае фота ацалелага ўлюбёнца — на ім Чэрчыль з пышным цёмным хвастом прагна есць сняданак з ружовай місачкі.
Больш фота Чэрчыля ў Вольгі няма — усе яны засталіся ў яе тэлефоне, які ў разбуранай кватэры так і не знайшлі.