Зяленскі: Пуцін — маньяк, які вырашыў усіх нас забіць

Прэзідэнт Украіны кажа, што Пуцін разумее толькі сілу. Яго смеласць грунтуецца на зброі, якую ён мае, і на мільёнах людзей, якіх можна кідаць на вайну.

19.07.2023 / 06:52

Уладзімір Зяленскі. Фота: Офіс прэзідэнта Украіны

Прэзідэнт Украіны заявіў, што ва Уладзіміра Пуціна рукі па локаць у крыві і што прэзідэнт краіны агрэсара вырашыў забіваць украінцаў праз тое, што яны не згодныя з ягонай фашысцкай ідэалогіяй. Пра гэта Уладзімір Зяленскі заявіў афрыканскім журналістам, піша «Украінская праўда».

«Ён [Пуцін] вырашыў усіх нас забіць. Хто не згодны з абсалютна фашысцкай ідэалогіяй прэзідэнта Пуціна», — сказаў Зяленскі.

Па словах прэзідэнта, украінцы змагаюцца за права быць людзьмі, затое хваравітае жаданне Пуціна — прапанаваць рабскае існаванне, але ён не разумее, што гэта немагчыма.

Зяленскі дадаў, што Пуцін разумее толькі сілу. Смеласць агрэсара грунтуецца на зброі, якую ён мае, і на мільёнах людзей, якіх можна кідаць на вайну.

«А калі ёсць мільёны людзей, якіх трэба захаваць, то ты па-іншаму ставішся да вайны. Ты не гатовы пачынаць якія-небудзь ваенныя дзеянні», — адзначыў ён.

Таксама Зяленскі распавёў, што спачатку Пуцін, калі ягоныя войскі падышлі да Кіева, размаўляў ультыматумамі. Але ўкраінскі бок паказаў, што мова ўльтыматумаў не пройдзе.

Nashaniva.com