Чацвёртая калона ПВК «Вагнер» прыбыла ў Беларусь: у ёй за 80 машын — «Беларускі Гаюн»
У напрамку Асіповічаў і лагера ў в. Цэль па трасе М-5 ад Бабруйска рухаецца яшчэ адна буйная калона наймітаў ПВК «Вагнер», як паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».
18.07.2023 / 13:50
Карта: «Беларускі Гаюн»
У складзе калоны як мінімум 80 машын розных мадыфікацый: 18 фур, больш за 20 пікапаў УАЗ, грузавікі-фургоны, каля 20-ці «буханак», а таксама аўтобусы ПАЗ, мікрааўтобусы і некалькі тэнтаваных «Уралаў» і КамАЗаў. Тэхніка рухаецца з нумарамі «ЛНР» / «ДНР».
Вядома, што калона расцягнулася па трасе на пяць кіламетраў і цяпер ужо пад'язджае да з'езда на вёску Цэль, дзе знаходзіцца намётавы лагер для наймітаў ПВК «Вагнер». Гэта ўжо чацвёртая калона наймітаў Прыгожына, якая прыбыла ў Беларусь цягам апошніх дзён.