Пентагон памылкова адправіў мільёны важных лістоў саюзніцы Расіі ў Афрыцы. І ўсё праз памылку ў адной літары ў імэйле

Аб праблеме стала вядома больш за 10 гадоў таму, але лісты працягвалі ісці.

18.07.2023 / 10:25

Комплекс будынкаў Пентагона. Фота: РHisham Ibrahim / Getty Images

Мільёны электронных лістоў, прызначаных супрацоўнікам амерыканскіх абаронных структур, памылкова адправілі ў Малі, бо іх аўтары прапускалі ў адрасе (пасля сабачкі @) адну літару, як піша Бі-бі-сі.

Даменнае імя Міністэрства абароны ЗША — «.mil», але на працягу многіх гадоў пры адпраўцы імэйлаў карыстальнікі памылкова пісалі на адрас «.ml», а гэты дамен належыць Малі — афрыканскай краіне, якая з'яўляецца адным з нямногіх саюзнікаў Расіі ў свеце.

Улады Малі пачалі падтрымліваць асабліва цесныя сувязі з Расіяй пасля таго, як у 2020 годзе ў гэтай краіне адбыўся вайсковы пераварот і там пачалі дзейнічаць найміты ПВК «Вагнер».

Па даных Financial Times, якая першай напісала пра сітуацыю з лістамі, аб праблеме стала вядома больш за 10 гадоў таму. Яе выявіў нідэрландскі прадпрымальнік Ёханэс Зурб'ер, які ў 2013 годзе атрымаў кантракт на абслугоўванне дамена «.ml», які належыць Малі.

За апошнія месяцы ён атрымаў дзясяткі тысяч імэйлаў, якія прызначаліся амерыканскім вайскоўцам.

Сярод гэтых лістоў не было паведамленняў з грыфам «сакрэтна», аднак, як сцвярджае Financial Times, у іх утрымлівалася медыцынская інфармацыя, фінансавыя звесткі, карты амерыканскіх вайсковых аб'ектаў, звесткі аб запланаваных афіцыйных паездках і некаторыя дыпламатычныя паведамленні.

У ліпені Зурб'ер напісаў пра гэта амерыканскім чыноўнікам. Ён растлумачыў, што яго кантракт з урадам Малі хутка павінен скончыцца, а гэта азначае, што «рызыка рэальная, бо сітуацыю могуць выкарыстаць ворагі ЗША».

Урад Малі павінен быў вярнуць кантроль над сваім даменным імем ужо 17 ліпеня.

Па даных амерыканскіх чыноўнікаў, паведамленні вайскоўцаў ЗША з грыфам «сакрэтна» і «цалкам сакрэтна» адпраўляюцца адмысловымі камунікацыйнымі каналамі, таму яны наўрад ці могуць патрапіць у чужыя рукі з-за памылкі ў адрасе.

Аднак юрыст Стывен Странскі, які раней працаваў з амерыканскім Дэпартаментам унутранай бяспекі, лічыць, што нават на першы погляд нявінная інфармацыя можа быць цікавая для ворагаў ЗША, асабліва калі гэта даныя аб канкрэтных супрацоўніках.

«Такога роду карэспандэнцыя азначае, што замежныя сілы могуць скласці дасье аб нашых вайскоўцах з мэтай шпіянажу або паспрабуюць атрымаць ад іх звесткі ў абмен на фінансавую выгаду, — кажа Странскі. — Замежныя ўрады дакладна могуць выкарыстаць такую інфармацыю».

Nashaniva.com