Уначы расейцы атакавалі поўдзень Украіны. Выбухі прагучалі ў Адэсе і Мікалаеве

Выбухі прагрымелі ў Адэсе і Мікалаеве пасля паведамлення аб паветранай трывозе. Трывога была абвешчаная ў сямі паўднёва-ўсходніх абласцях Украіны.

18.07.2023 / 07:05

Фота: Anton Petrus

Кіраўнік Мікалаеўскай адміністрацыі Віталь Кім паведаміў пра пажар у Мікалаеве. Выбухі прагрымелі ў раёне нафтабазы ля порта ў Мікалаеве, пасля чаго там узнік буйны пажар.

Амаль праз дзве гадзіны пасля першых паведамленняў аб выбухах улады Адэскай і Мікалаеўскай абласцей папярэдзілі жыхароў аб магчымай ракетнай атацы. Пасля гэтага мясцовыя медыя пачалі паведамляць аб «прылётах», у тым ліку ў Адэскім порце.

Адэса і Мікалаеў — найбуйнейшыя партовыя гарады пад кантролем Украіны. З Адэскага марскога порта, у прыватнасці, выходзілі судны ў рамках збожжавай угоды, тэрмін якой скончыўся 17 ліпеня.

Апошні раз пра выбухі ў Адэсе ўкраінскія медыя паведамлялі тыдзень таму — 11 ліпеня.

Nashaniva.com