Скончыў жыццё самагубствам намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама — BELPOL
BELPOL пацвердзіў факт смерці намесніка старшыні Мастоўскага райвыканкама Міхаіла Жука. Паводле інфармацыі былых сілавікоў, 51-гадовы чыноўнік скончыў жыццё самагубствам. Здарэнне адбылося вечарам 12 ліпеня.
17.07.2023 / 11:59
Міхаіл Жук
Першым пра смерць чыноўніка паведаміў 13 ліпеня тэлеграм-канал гродзенскіх праваабаронцаў. Але журналістам не ўдалося атрымаць пацверджанне з другой крыніцы.
Сёння былыя сілавікі распавялі некаторыя акалічнасці здарэння.
Паводле іх інфармацыі, цела Міхаіла Жука з агнястрэльным скразным раненнем галавы было знойдзена на парослым хмызняком участку мясцовасці — паміж праспектам Міру і вуліцай Станцыйнай у Мастах.
На месцы здарэння была паляўнічая гладкаствольная стрэльба ІЖ-43, якая належала загінуламу. Менавіта з яе, піша BELPOL, і быў зроблены стрэл.
Слядоў і прадметаў, якія б паказвалі на здзяйсненне ў дачыненні да Жука злачынства, у ходзе агляду месца здарэння выяўлена не было.
Асноўная і найбольш праўдападобная разгляданая версія — суіцыд.
У загінулага засталіся жонка і двое дзяцей — сын, 1996 г. н., і дачка, 2010 г. н.
Гэта ўжо трэці за апошні час выпадак суіцыду сярод чыноўнікаў.
Летась у сваім доме ў Драздах, па інфармацыі «Нашай Нівы», звёў рахункі з жыццём Уладзімір Макей.
У ліпені 46-гадовы міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка скончыў жыццё самагубствам.