У Магілёве адкрылі мемарыяльную дошку Барысу Маісееву

Мемарыяльную дошку адкрылі сёння на сцяне дома на вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве, дзе нарадзіўся і 14 гадоў жыў Барыс Маісееў.

16.07.2023 / 15:27

У Магілёве адкрылі мемарыяльную дошку Барысу Маісееву. Усе фота: mogilevonline / Telegram

Мемарыяльны барэльеф уяўляе сабой медаль. У цэнтры — профіль Маісеева. Па крузе размешчаная цытата спевака: «Я люблю гэты горад, я люблю гэты дом», як піша «Магілёў Анлайн».

Скульптар — Філіп Трушын, які таксама прысутнічаў на адкрыцці мемарыяльнай дошкі. 

Мерапрыемства прайшло ў рамках афіцыйнай праграмы закрыцця фестывалю «Славянскі базар» у Віцебску.

Барыс Маісееў — расійскі танцоўшчык і эстрадны спявак, які праславіўся дзякуючы эпатажным манерам.

Магілёў — яго радзіма, у Беларусі ён правёў дзяцінства і раннюю маладосць. А памёр Маісееў летась 27 верасня на 69-м годзе жыцця ў Маскве.

Тэарэтычна перашкодай для ўшанавання памяці Маісеева ў Магілёве маглі стаць правілы ўсталявання мемарыяльных знакаў не раней за пэўны тэрмін пасля смерці асобы. У Магілёве гэты тэрмін — 5 гадоў пасля смерці знакамітага чалавека. 

А таксама супраць ушанавання памяці Маісеева напярэдадні выступілі некаторыя праўладныя блогеры, для якіх танцор недастаткова шанаваў традыцыйныя скрэпныя каштоўнасці. 

Маісееў на пачатку 1990-х адным з першых у Расіі зрабіў камінг-аўт і стаў прэзентаваць сябе як спевака-гомасэксуала, што знайшло адлюстраванне і ў яго рэпертуары, але гэта не перашкаджала яго вялікай папулярнасці ў 1990-я. 

Nashaniva.com