У Луганску прагрымелі выбухі. Расіяне заяўляюць пра выкарыстанне касетных боепрыпасаў
Мясцовыя паблікі і расійскія прапагандысты паведамляюць пра выбухі ў Луганску.
16.07.2023 / 11:23
ТАСС са спасылкаю на мясцовыя акупацыйныя ўлады сцвярджае, што УСУ нанеслі ўдар па ваколіцах Луганска нібыта з выкарыстаннем дальнабойных касетных боепрыпасаў.
13 ліпеня камандуючы ўкраінскай групоўкі войскаў «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі сказаў CNN, што Украіна ўжо атрымала ад ЗША касетныя боепрыпасы, але яшчэ не прымяняла іх.
Украінскі бок выбухі ў Луганску не каментаваў.
У той час прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін назваў злачынствам пастаўкі Украіне касетных боепрыпасаў і заявіў, што Расія не выкарыстоўвала касетныя боепрыпасы.
«У Расіі дастатковы запас рознага роду касетных боепрыпасаў. Да гэтага часу мы гэтага не рабілі, не ўжывалі, і ў нас не было такой неабходнасці, нягледзячы на вядомы недахоп у пэўны перыяд часу і ў нас таксама боепрыпасаў, але мы гэтага не рабілі. Вядома, калі яны будуць прымяняцца супраць нас, мы пакідаем за сабой права на люстраныя дзеянні», — заявіў Пуцін.
Украінскі бок заяўляў пра выкарыстанне расійскімі войскамі касетных снарадаў.
Касетныя боепрыпасы складаюцца з кантэйнераў, якія раскрываюцца ў паветры на вышыні і раскідваюць ад дзясяткаў да сотняў разрыўных суббоепрыпасаў.
Паколькі боепрыпасы ахопліваюць вялікую плошчу, яны ўяўляюць небяспеку для мірных жыхароў: на тэрыторыі могуць заставацца суббоепрыпасы, якія не разарваліся.
Канвенцыя аб забароне касетных боепрыпасаў была прынятая ў 2008 годзе, аднак ні ЗША, ні Украіна, ні Расія да яе не далучыліся.
Чытайце таксама:
Касетныя боепрыпасы зменяць правілы гульні ў барацьбе супраць Расіі — міністр абароны Украіны
ЗША прытрымліваюцца прагматычнай формулы «нічога без Украіны, але не ўсё для Украіны» — Le Monde