Як выглядае цяпер касцёл у Солах, дзе зафарбавалі фрэску «Цуд над Віслай» ФОТА
У адзін з самых прыгожых беларускіх храмаў — касцёл Маці Божай Ружанцовай у Солах — працягваюць прывозіць турыстаў, у тым ліку і ў рамках экскурсій ад дзяржаўных устаноў. З такіх экскурсій пасля выстаўляюцца фота, і выданне Katolik.life на адным з іх заўважыла, што цяпер на месцы знішчанай па ідэалагічных прычынах фрэскі аўтарства вядомага мастака Пётры Сергіевіча.
15.07.2023 / 17:49
Рабочыя замалёўваюць фрэску ў касцёле
Днямі экскурсію ў касцёл арганізаваў Беларускі прафсаюз работнікаў дзяржустаноў. Як паведаміў мінскі гаркам гэтага прафсаюза, у паездку запрасілі Дэпартамент гуманітарнай дзейнасці, Нацыянальныя спартыўныя латарэі, прадпрыемства «Майстар-сцяг Плюс», якое вырабляе дзяржсімволіку.
«Наведалі неапісальнай прыгажосці касцёл і наваколле ў Гервятах, цікавага роспісу касцёл у Солах», — гаворыцца ў справаздачы аб экскурсіі.
На апублікаваных фота бачна, як выглядае алтарная частка храма ў Солах без самага «цікавага роспісу» — фрэскі з выявай «цуду над Віслай», якую зафарбавалі на патрабаванне ўладаў у лютым 2023 года. Аказваецца, пакуль нічога новага там няма — толькі белая пляма.
Так цяпер выглядае левая сцяна ў касцёле, дзе была фрэска
На фрэсцы была намалявана Варшаўская бітва 1920 года. Карціна была напісаная неўзабаве пасля гэтай падзеі, якая адыграла вялікую ролю ў гісторыі Еўропы. Тады Польшча змагла спыніць наступ на Еўропу бальшавіцкай арміі і дамагчыся пералому ў ходзе вайны.
Выгляд фрэскі да ідэалагічнага ўмяшання
Тагачасная перамога над расійскімі захопнікамі лічыцца цудам, здзейсненым праз пасярэдніцтва Божай Маці, якой маліліся каталікі з просьбай аб абароне. Менавіта таму фрэска з гэтым сюжэтам з'явілася ў касцёле, а аўтарам яе быў вядомы беларускі мастак Пётра Сергіевіч.
Чытайце таксама:
Аўтар знішчанай фрэскі ў Солах — беларускі класік Пётра Сергіевіч. Краязнавец знайшоў доказ гэтага
У папраўчай калоніі ў Глыбокім будуць шукаць старадаўнія фрэскі