«Цяжка насіць гэты цяжар, так і бадзяюся разам з імі». Прайшоў вечар салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі «Вясны»
Вечар салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі «Вясны» Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзем Лабковічам прайшоў у Вільні ў гасцёўні Беларускай рады культуры. Вясноўцаў затрымалі 14 ліпеня 2021 года — два гады таму.
15.07.2023 / 15:30
Вечар пачаўся з хвіліны маўчання па загінулым палітвязню Алесю Пушкіне. У свой час Алесь Бяляцкі напісаў пасляслоўе да кнігі Пушкіна «Турэмны альбом»:
«Для вопытнага і абазнанага перформера, якім ёсць Алесь, зняволенне было натуральным і неабходным працягам перформансу […].
Я ніколі не забудуся пра карціну-перформанс, якую Алесь выставіў на першым з'ездзе Беларускага народнага фронту, які праходзіў у чэрвені 1989 года ў Вільні. Гэта быў бел-чырвона-белы сцяг з чырвонай паласой, намаляванай крывёй мастака. Кроў на паветры пабурэла, парудзела і не была такой цёмна-вішнёвай, як спачатку, калі мастак нацадзіў яе са сваёй жылы ў шклянку. І як жа гэтая карціна адпавядала нашым тагачасным жаданням і пачуццям! Мы былі гатовыя без роздуму і без развагаў аддаць што там шклянку — усю сваю кроў — за Беларусь! Такія былі часы і такі быў Алесь Пушкін».
Юрыст ПЦ «Вясна» Павел Сапелка нагадаў пра тое, як праходзіў пераслед траіх вясноўцаў:
«Пасля 14 ліпеня 2021 года былі доўгія пакутлівыя месяцы, калі ішло расследаванне. З аднаго боку, мы выдатна разумелі сітуацыю, што, хутчэй за ўсё, гэта дрэнна скончыцца, але з іншага боку, былі спадзяванні, што нешта адбудзецца — і нашы калегі хутка змогуць далучыцца да нас».
«Нам страшна. Цяпер Уладзімір Лабковіч знаходзіцца ў шклоўскай калоніі — там, дзе загінуў палітвязень. Алесь — у калоніі для тых, хто ўжо раней асуджаўся да пазбаўлення волі. Гэта не робіць гэтых людзей горшымі, але, на жаль, гэта не тое асяроддзе, якое можа падтрымаць Алеся і можа быць спрыяльным асяроддзем для развіцця.
Нашым калегам максімальна абмежаваная сувязь з сем'ямі, блізкімі, аднадумцамі, яны практычна не атрымліваюць лістоў ад старонніх. Валянцін Стэфановіч часам прымудраецца перадаць на волю пазітыўны зарад: ён рады чуць, што «Вясна» працуе, што мы працягваем сваю дзейнасць», — адзначыў Павел Сапелка.
На вечарыне салідарнасці выступіў і праваабаронца «Вясны», пісьменнік Сяржук Сыс. Ён прачытаў свой верш «Два гады», які напісаў 14 ліпеня 2023 года:
«Два гады збіраюцца ў галаве маёй каменьчыкі-камяні,
Непрыгожыя такія, не аблашчаныя хвалямі марскімі…
Шурпатыя і калючыя, ты адчуеш іх, толькі голаў крані…
Цяжка насіць гэты цяжар, так і бадзяюся разам з імі.
Два гады як ні дома не маю, ні песень, якія спявалі сябры, —
Толькі жахі начныя, і крыкі, і голаў, каменнем напоўнены.
Паскараючы бег свой, нясуся ў прадонне глухое з гары,
Час выгнання адлічваю я маладзікамі і поўнямі».
Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:
ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму;
ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу;
ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу.