Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла санкцыі супраць беларускіх спартыўных чыноўнікаў

Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла прапановы аб прымяненні санкцый да 36 прадстаўнікоў спартыўных арганізацый Расіі і Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

14.07.2023 / 19:14

Дакументам, за прыняцце якога прагаласавалі 270 народных дэпутатаў, плануецца ўхваліць і ўнесці на разгляд у Раду нацыянальнай бяспекі і абароны прапановы па прымяненні 18 персанальных спецыяльных эканамічных і іншых абмежавальных мер (санкцый) да 36 прадстаўнікоў спартыўных арганізацый Расіі і Беларусі.

У гэтым спісе намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандр Баравуля, экс-старшыня федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў, рэктар Універсітэта фізкультуры Сяргей Рэпкін, былы кіраўнік федэрацыі футболу Уладзімір Базанаў, дзейныя кіраўнікі федэрацый хакея — Аляксандр Багдановіч, тэнісу — Сяргей Рутэнка, барацьбы — Алім Сялімаў і трэнэр па гімнастыцы Любоў Чаркашына.

Гаворка ідзе аб блакаванні іх актываў, прадухіленні вывядзення капіталаў за межы Украіны і пазбаўленні дзяржаўных узнагарод Украіны.

СНБА рэкамендуецца прыняць рашэнне аб прымяненні санкцый, а таксама забяспечыць інфармаванне кампетэнтных органаў Еўрапейскага саюза, ЗША, Канады, Аўстраліі, Японіі і іншых дзяржаў з мэтай разгляду імі пытання аб увядзенні аналагічных санкцый.

Чытайце таксама:

Зяленскі ўвёў санкцыі супраць шасці беларускіх кампаній і двух бізнэсоўцаў

Украіна можа байкатаваць чэмпіянат свету па пляжным футболе праз удзел у ім зборнай Беларусі

Міжнародны алімпійскі камітэт не запросіць Беларусь і Расію на Алімпіяду-2024 ва ўстаноўленую дату 26 ліпеня

Nashaniva.com