У Расіі прынялі закон аб забароне змены полу
Расійская Дзярждума закон аб забароне змены полу прыняла аднагалосна.
14.07.2023 / 11:17
За забарону прагаласавалі ўсе 386 прысутных дэпутатаў, як піша «Коммерсант».
Прыняты закон уводзіць забарону на хірургічнае ўмяшанне і гарманальную тэрапію. Таксама забараняецца змяняць пол у дакументах. Выключэннем стане толькі медыцынскае ўмяшанне, звязанае з лячэннем прыроджаных анамалій. Грамадзянам, якія ўжо змянілі пол, будзе забаронена ўсынаўляць дзяцей, а іх шлюб будзе ануляваны. Таксама трансгендары не змогуць быць апекунамі.
Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін раней заяўляў, што аўтары дакумента такім чынам хочуць зберагчы краіну ад «д'ябальскай палітыкі» ЗША, дзе «прапагандуюцца гэтыя новыя псеўдакаштоўнасці», колькасць трансгендараў сярод падлеткаў «ужо ў тры разы большая», чым сярод дарослых, а колькасць дзяцей, якія атрымліваюць гарманальную тэрапію, «вырасла за пяць гадоў больш чым удвая».
Крыніцы «Коммерсанта» ў Дзярждуме паведамілі, што законапраект распрацавалі праз частыя выпадкі выкарыстання даведак аб змене полу ўхілістамі ад войска. Па даных МУС Расіі, якія прыводзяцца ў тэксце ініцыятывы, з 2016 па 2022 год па новы пашпарт грамадзяніна РФ на падставе «змены полу» звярнуліся 2990 чалавек, у 2016 годзе такіх было толькі 142, а ў 2022 годзе — 996.