У Варшаве беларуса абрабавалі, пагражаючы ўкалоць шпрыцам з ВІЧ
У Варшаве абрабавалі 32-гадовага беларуса, пагражаючы ўкалоць яго «заражаным» шпрыцам. Падазраванага затрымалі.
13.07.2023 / 15:43
Фота: паліцыя Варшавы
Інцыдэнт адбыўся ў сярэдзіне чэрвеня ў гарадскім раёне Таргувек на вуліцы Рэмбелінскай. Агрэсіўны мужчына пачаў пагражаць нашаму суайчынніку, што прыменіць шпрыц з ВІЧ, і патрабаваць грошай, як піша сайт «Беларусь і свет» са спасылкай на мясцовую паліцыю.
Калі той адмовіўся, паміж імі адбылася бойка, у выніку якой у беларуса знік кашалёк з грашыма, дазволам на жыхарства і карткамі, а таксама мабільны тэлефон.
Пацярпелы звярнуўся да праваахоўнікаў праз некаторы час. Ён таксама прызнаўся, што ў момант здарэння знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.
Вартавыя парадку высветлілі, што ў дзень рабавання па выкрадзеных картах здзейснілі некалькі несанкцыянаваных аперацый у розных крамах.
А таксама тое, што назаўтра зламыснік запатрабаваў ад нашага суайчынніка 1 тысячу злотых за вяртанне тэлефона.
Асобу правапарушальніка ўдалося высветліць. След прывёў да 38-гадовага жыхара раёна Таргувек, раней неаднаразова судзімага. Яго затрымалі.
Мужчыну выставілі тры абвінавачванні: у рабаванні, несанкцыянаваных аперацыях з выкрадзенымі картамі і спробе атрымання фінансавай выгады ў абмен на вяртанне незаконна канфіскаванай рэчы.
У адпаведнасці з польскім заканадаўствам рабаванне караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 12 гадоў.