Украіна ўжо атрымала касетныя боепрыпасы, але пакуль не прымяняла іх
Камандуючы ўкраінскай групоўкі войскаў «Таўрыя» Аляксандр Тарнаўскі сказаў CNN, што Украіна ўжо атрымала ад ЗША касетныя боепрыпасы, але яшчэ не прымяняла іх.
13.07.2023 / 15:37
Фота: AP
«Мы толькі што іх атрымалі, мы іх яшчэ не прымянялі, але яны могуць радыкальна змяніць сітуацыю, — сказаў брыгадны генерал Тарнаўскі. — Вораг таксама разумее, што, атрымаўшы гэтыя боепрыпасы, мы атрымаем перавагу. Вораг аддасць тую частку тэрыторый, дзе іх магчыма ўжываць».
ЗША абвясцілі пра рашэнне перадаць Украіне касетныя боепрыпасы — праз недахоп звычайных — усяго тры дні таму. Што іх ужо даставілі ва Украіну, дагэтуль не паведамлялася.
Тарнаўскі падкрэсліў, што ўкраінскае войска не будзе ўжываць гэтыя боепрыпасы ў густанаселенай мясцовасці.
ЗША кажуць, што атрымалі ад украінцаў абяцанне не ўжываць касетныя боепрыпасы ў населенай мясцовасці, а таксама абяцанне рэгістраваць іх прымяненне, каб потым размініраваць гэтыя месцы.
Касетныя боепрыпасы прызначаныя перш за ўсё для знішчэння жывой сілы праціўніка: падчас выбуху такі снарад, ракета або бомба раскідвае дзясяткі маленькіх «бомбачак». Пры гэтым вельмі часта нейкая частка з іх не спрацоўвае і застаецца ляжаць і пасля баявых дзеянняў, несучы смяротную небяспеку для цывільнага насельніцтва.
Таму больш за сто краін падпісалі Канвенцыю аб забароне касетных боепрыпасаў. Аднак ні Украіна, ні Расія, ні ЗША да гэтай забароны не далучыліся.