Аб'яднаны пераходны кабінет адказаў на словы Наўседы, што Беларусь — расійская губерня
Аб'яднаны пераходны кабінет адказаў на словы прэзідэнта Літвы, які ўчора перад самітам НАТА назваў Беларусь расійскай губерняй. У АПК лічаць, што такая трактоўка яшчэ больш садзейнічае ізаляцыі краіны і народа.
12.07.2023 / 14:05
Аб'яднаны пераходны кабінет. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
«Аб’яднаны пераходны кабінет лічыць, што такая трактоўка стварае памылковае ўспрыманне Беларусі ў свеце і спрыяе яшчэ большай ізаляцыі нашай краіны і нашага народа. Беларусь — гэта не губерня Расіі, і беларускі народ не дазволіць ёй такой стаць», — гаворыцца ў заяве АПК.
Кабінет пагаджаецца, што Беларусь як дзяржава сапраўды страчвае свой суверэнітэт праз паглыбленне залежнасці ад Расіі. Да гэтага вядуць злачынныя дзеянні расійскага кіраўніцтва і марыянеткавага рэжыму Лукашэнкі. Аднак адбываецца гэта насуперак волі беларускага народа, яго імкненню да незалежнасці і свабоды.
«Абсалютная большасць беларусаў выступае за незалежнасць Рэспублікі Беларусь, супраць уступлення Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі, гэтаксама як і супраць удзелу ў развязанай пры падтрымцы нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі агрэсіі супраць Украіны. На працягу ўсёй сваёй гісторыі беларусы змагаліся і цяпер мужна змагаюцца за свабоду і незалежнасць сваёй краіны і дапамагаюць Украіне дамагчыся перамогі над Расіяй», — гаворыцца ў заяве АПК.
Аб’яднаны пераходны кабінет вітае заяву лідараў Літвы, Польшчы і Латвіі да генеральнага сакратара НАТА, у якой сцвярджаецца, што беларускі народ мае патрэбу ў падтрымцы. Дэмакратычная, вольная, незалежная, еўрапейская Беларусь важная для Альянсу і для ўсіх нашых міжнародных партнёраў.
У сувязі з гэтым Аб’яднаны пераходны кабінет заклікае кіраўніцтва ўсіх краін — саюзніц дэмакратычнай Беларусі выступіць з заявамі ў абарону суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь. Неабходна асудзіць дзеянні Расіі па падрыве беларускага суверэнітэту і прыцягнуць яе кіраўніцтва да адказнасці.
АПК заклікае краіны-партнёры практычнымі захадамі падтрымаць беларускі народ у ягоным супраціве дыктатуры і супрацьдзейнічаць спробам інкарпарацыі нашай краіны з боку Расіі.