Мінюст адмаўляе ў перарэгістрацыі БСДП (Грамада)
На абскарджанне адмовы аб перарэгістрацыі даецца месяц.
12.07.2023 / 07:24
Ігар Барысаў, старшыня партыі. Фота: «Наша Ніва»
Міністэрства юстыцыі адмаўляе ў перарэгістрацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), як паведаміў у фэйсбуку старшыня партыі Ігар Барысаў.
Асноўныя прычыны адмовы ў перарэгістрацыі партыі:
— заяўлены колькасны склад арганізацыі — 1141 чалавек замест 5000 патрэбных;
— Цэнтральны камітэт БСДП адмовіўся прымаць змены ў Статут у адпаведнасці з новай рэдакцыяй закона;
— не паказаны спіс сяброў партыі;
— не паказаныя арыгіналы пасведчання аб рэгістрацыі і Статут БСДП.
На абскарджанне адмовы аб перарэгістрацыі партыі БСДП мае месяц з моманту атрымання адказу з Мінюста ў Вярхоўным судзе (да 11 жніўня).
У найбліжэйшы час кіраўніцтва арганізацыі мае намер абскардзіць адказ Мінюста.
Учора стала вядома, што Вярхоўны суд на наступным тыдні разгледзіць пазоў Мінюста аб ліквідацыі КХП-БНФ.
Партыя «Зялёныя» адмовілася падаваць персанальныя звесткі — і пачаўся працэс яе ліквідацыі. Напэўна такі ж лёс чакае партыю «Справядлівы свет» і АГП.
Перарэгістрацыю ў Мінюсце прайшлі Ліберальна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Была таксама зарэгістраваная наваствораная партыя «Белая Русь».