«Ведалі, дзе спыніўся на адпачынак таварыш генерал». Украінцы знішчылі яшчэ аднаго расійскага генерала
51-гадовы Алег Цокаў быў намеснікам камандуючага Паўднёвай вайсковай акругай.
11.07.2023 / 19:04
Алег Цокаў. Фота: ТАСС
Расія, як выглядае, страціла яшчэ аднаго прадстаўніка вышэйшага каманднага складу падчас вайны ва Украіне. У выніку ўдару па запасным камандным пункце 58-й арміі ў Бярдзянску загінуў намеснік камандуючага Паўднёвай вайсковай акругай генерал-лейтэнант Алег Цокаў.
Пра смерць генерала гэтым разам паведамляюць не толькі ўкраінскія тэлеграм-каналы, якія ўжо «пахавалі» яго ў верасні 2022 года, але і расійскія ваенкары.
Адзін з іх, які піша пад псеўданімам Рыбар, адзначае праблемы расійскай арміі з абаронай ад украінскай разведкі. Паводле яго, пра тое месца, дзе «спыніўся на адпачынак таварыш генерал», ведалі мясцовыя жыхары, якія перадалі інфармацыю ўкраінскаму боку. Да таго ж «па аб'ектах, якія знаходзяцца ў тыле ў Запарожскай і Херсонскай абласцях, сістэматычна вядзецца касмічная разведка… Пра гэта ўсім дакладваецца. У зводках пра гэта пішуць. Па іншых лініях паведамляюць. Рэкамендуюць засцерагаць сябе. А атрымліваецца як атрымліваецца».
Алег Цокаў удзельнічаў ва ўварванні Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года, а таксама быў датычны да нанясення ракетных удараў па ўкраінскіх гарадах. У кастрычніку 2022 года Кіеў увёў супраць яго санкцыі. Да вайны ва Украіне Цокаў браў удзел у дзвюх чачэнскіх войнах і баявых дзеяннях у Сірыі. Ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Мужнасці і ордэнам «За ваенныя заслугі».
Да пачатку контрнаступлення Украіны 4 чэрвеня была пацверджана гібель чатырох расійскіх генералаў, 58 палкоўнікаў, 176 падпалкоўнікаў.
Чытайце таксама:
Па акупаваным Бярдзянску нанеслі ракетны ўдар
Украінцы за пяць тыдняў вызвалілі амаль столькі тэрыторыі, колькі расіяне захапілі за паўгода
Журналістам удалося дакладна ацаніць страты Расіі падчас поўнамаштабнай вайны з Украінай