Валерый Сахашчык — пра сустрэчы падчас саміту НАТА і Прыгожына з вагнераўцамі
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчык расказаў пра сустрэчы, якія ў яго плануюцца падчас саміту НАТА, і падзяліўся меркаваннем наконт вагнераўцаў у Беларусі. «Для самога Прыгожына быць у Беларусі не бяспечна. Я мяркую, што ён, хутчэй за ўсё, паедзе ў Афрыку», — лічыць Сахашчык.
11.07.2023 / 12:23
Валерый Сахашчык. Фота: Офіс Ціханоўскай
«Я ўпэўнены, што абмеркаванне Беларусі будзе [на саміце НАТА], таму што рэальная пагроза размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі — гэта першы вельмі моцны фактар. Другі — абсалютна незразумелыя рухі вакол групы «Вагнер», усё ж пагроза ёсць, што яна будзе на тэрыторыі Беларусі, і гэта можа быць небяспечна для ўсіх суседзяў Беларусі», — мяркуе Валерый Сахашчык.
Ён лічыць, што канкрэтных рашэнняў па Беларусі ў рамках гэтага саміту не адбудзецца.
«Шмат гадоў Беларусі не было ў парадку дня еўрапейскіх краін, Амерыкі, усе прывыклі, што гэта пратэктарат Расіі. І гэта інертнасць цягнулася доўга. Але падзеі апошніх паўтара гадоў змянілі адносіны ўсіх», — тлумачыць ён.
У Сахашчыка запланаваны сустрэчы ў рамках саміту ў Вільні.
«Але я не хацеў бы расказваць пра іх наперад. Калі адбудуцца нейкія рашэнні і справы, тады мы будзем па іх трымаць справаздачу і расказваць», — адзначыў ён і дадаў толькі, што галоўнай тэмай на гэтых сустрэчах будуць беларускія ваяры ва Украіне.
Прадстаўнік Кабінета паразважаў таксама пра верагоднасць пераезду ў Беларусь вагнераўцаў.
«Я не думаю, што шмат вагнераўцаў прыедзе ў Беларусь, калі прыедуць наогул.
Я мяркую, што Беларусь можа быць выкарыстаная як перавал-база толькі. Я лічу, што для самога Прыгожына быць у Беларусі не бяспечна. Я мяркую, што ён, хутчэй за ўсё, паедзе ў Афрыку. Для Лукашэнкі будзе таксама страшна крыху мець вялікую колькасць вагнераўцаў у Беларусі.
Вы памятаеце сітуацыю 2020 года, калі 30 чалавек стварылі праблему і моцна напужалі рэжым. Я лічу, што Лукашэнка не дазволіць вялікай колькасці вагнераўцаў размясціцца ў Беларусі. Але можна чакаць чаго заўгодна. Калі Лукашэнка на кароткім павадку і калі яму выставяць пэўныя ўмовы, ён не зможа нічога зрабіць».