Выпускніца з Клімавічаў таксама набрала 400 балаў

Выпускніца клімавіцкай сярэдняй школы № 1 Аліна Хартнік у гэтую ўступную кампанію набрала 400 балаў. Прычым на рэпетыцыйным ЦТ яе бал быў 58.

11.07.2023 / 09:52

Аліна атрымала па 100 балаў на цэнтралізаваным экзамене па англійскай і рускай мовах, а таксама паказала найвышэйшы вынік ЦТ па грамадазнаўстве. З улікам атэстата ў яе абітурыенцкай скарбонцы запаветныя 400 балаў, паведамляе Міністэрства адукацыі са спасылкай на «Сельскую газету».

Фота: сацсеткі

За поспехам школьніцы з невялікага райцэнтра, як высветлілі, — правільна пастаўленая мэта, матывацыя, настойлівая праца. Перад выпрабаваннямі, як успамінае Аліна, яна старалася добра выспацца і настроіцца на працу.

«Вынікі па мовах не сталі нечаканасцю — пастаянна ўдзельнічала ў алімпіядах па англійскай і рускай, таму веды грунтоўныя. А вось выніковая лічба па грамадазнаўстве выклікала асаблівыя эмоцыі, бо на рэпетыцыйным ЦТ бал быў 58. Тады зрабіла адпаведныя высновы і стала вучыць лепш. Вельмі шчаслівая, што змагла набраць максімальную колькасць балаў!» — кажа яна.

Раней стала вядома, што максімальныя 400 балаў на тэставанні набралі Марк Мацкевіч з Наваполацка, Паліна Дычак з Ліды, Вольга Друшчыц з Жабінкаўскага раёна, Мілена Васько з Мазыра, Дзяніс Кагукін з Полацка і Раман Кандраценя з Ганцавіч.

Nashaniva.com