У Вільні напярэдадні саміту NATO адбылася кібератака. Прапагандысцкія паведамленні гучалі па радыё і ў гандлёвым цэнтры
Напярэдадні Віленскага саміту NATO ў Літве фіксуюцца кібератакі. Былі ўзламаны ІТ-сістэмы літоўскай рэгіянальнай радыёстанцыі і гандлёвага цэнтра і запушчаны паведамленні, накіраваныя супраць NATO і паставак зброі ва Украіну, паведамляе LRT.
10.07.2023 / 15:35
Сістэмы Patriot у Віленскім аэрапорце. Фота: Mindaugas Kulbis / AP
У нядзелю ў Літве было зафіксавана дзве сур'ёзныя кібератакі, калі з дапамогай узлому ІТ-сістэм адной з рэгіянальных радыёстанцый і аднаго з супермаркетаў замест звыклых музычных ці іншых паведамленняў было запушчана антынатаўскае пасланне.
Слухачам радыёстанцыі і наведвальнікам гандлёвага цэнтра было разаслана паведамленне, у якім утрымлівалася прапаганда супраць NATO, супраць паставак зброі ва Украіну і заклік да перамоў, а не да вайны.
Правакацыя была хутка спыненая, бо людзі, якія чулі запіс, распавялі LRT.lt, што паведамленне было дублявана аўтаматычным перакладчыкам Google, а па тым, як гучалі некаторыя фразы, можна было меркаваць, што яно перакладзена з рускай мовы.
У аўторак і сераду, калі ў Літве пройдзе саміт NATO, імавернасць такіх атак узрасце.
Нацыянальны цэнтр кібербяспекі (NCSC) пацвердзіў, што такі інцыдэнт сапраўды меў месца.
«Гэта першы выпадак узлому [аўдыя]сістэм», — сказаў Людас Алішаўскас, дырэктар Нацыянальнага цэнтра кібербяспекі.
Пакуль вядзецца расследаванне, не паведамляецца, у якім гандлёвым цэнтры і на якой радыёстанцыі прагучала паведамленне хакера.
«Гаворка ідзе пра вельмі папулярны анлайнавы сэрвіс, дзе радыёстанцыі і гандлёвыя цэнтры купляюць паслугу і атрымліваюць ліцэнзійны кантэнт, музыку для агучвання гэтай абстаноўкі», — пракаментаваў Л. Алішаўскас.
Акрамя таго, цяпер вядуцца мэтанакіраваныя DDoS-атакі на Літву, якімі займаюцца адказныя органы. Такім нападам падвергліся сістэма m.Ticket і сайт GoVilnius.lt.
Чытайце таксама: