«З усходу на захад». Стала вядома, куды перавялі Паўла Севярынца

Палітыка адправілі ў Гродна.

10.07.2023 / 10:48

Павел Севярынец. Фота: «Наша Ніва»

«Спрабавала зранку высветліць у Шклове, дзе ж Павел. Даведалася толькі, што ўжо вывезлі. Па тэлефоне вялікі ж сакрэт, іці іх маць! Ужо стала дамаўляцца, што адвязуць у Шклоў, каб наяў у вочы адміністрацыі выказаць усё, што думаю пра іх. А тут тэліць Волечка. Атрымала ад Пашы лісты аж з Гродна. Турма нумар 1. Асвойвае мой сынок умовы новай турмы… З усходу на захад. Пішуць яму біяграфію», — напісала ў фэйсбуку яго маці Таццяна Севярынец.

Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 года каля дома, калі ён вяртаўся з перадвыбарчага пікета Святланы Ціханоўскай на мінскай Камароўцы. З таго часу ён за кратамі. Праз год яму далі сем гадоў калоніі.

Увесну Павел Севярынец трапіў у памяшканне камернага тыпу ў якасці чарговага спагнання: сёлета ў красавіку адміністрацыя ПК-17 паставіла палітзняволенага на ўлік як злоснага парушальніка рэжыму. Яму скарацілі дазволеную колькасць званкоў дадому і грашовых пераводаў, а пазней пазбавілі і працяглага спаткання. Яшчэ праз некалькі месяцаў кіраўніцтва калоніі звярнулася ў суд, каб перавесці Севярынца на больш строгі рэжым утрымання.

Шклоўскі раённы суд падтрымаў заяўнікаў: найбліжэйшыя тры гады Павел Севярынец мусіць правесці за турэмнымі кратамі.

Nashaniva.com