«Ціснуць праз родных, якіх таксама затрымалі». Праваабаронцы расказалі акалічнасці інцыдэнту з аблітым фарбай аўтамабілем Z-актывіста

Праваабаронцам сталі вядомыя некаторыя акалічнасці затрымання 53-гадовага беларуса Ільі Двойрына, які нібыта абліў фарбай машыну прарасійскага актывіста Сяргея Юдаева. Інцыдэнт з аблітым фарбай аўтамабілем на крымскіх нумарах адбыўся ў Наваполацку.

10.07.2023 / 10:46

Скрын відэа затрымання Ільі Двойрына

Паводле праваабаронцаў, за некалькі дзён да здарэння ў Ільі з Юдаевым быў канфлікт на дарозе: нібыта расіянін ехаў нецвярозы за рулём, а беларус зрабіў яму заўвагу з гэтай нагоды.

Пасля інцыдэнту з машынай прарасійскі актывіст узгадаў гэтую сітуацыю і паведаміў сілавікам нумар машыны беларуса, які зрабіў яму заўвагу.

Крыніца «Вясны» расказала, што сілавікі хочуць псіхалагічна зламаць Двойрына праз яго родных, якіх затрымалі разам з мужчынам.

Як піша «Вясна», таксама былі затрыманыя сын Двойрына Дзмітрый, нявестка і брат. 4 ліпеня ў іх дома правялі ператрусы, а сваякоў адвезлі ў РАУС. Пазней жонку і брата Ільі пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі, а яго самога змясцілі ў віцебскі ІЧУ. На яго заведзена крымінальная справа. На Дзмітрыя і Вікторыю Двойрынаў склалі адміністрацыйныя пратаколы. 6 ліпеня ў Полацку адбыўся суд, аднак яго вынікі пакуль невядомыя.

Машына прарасійскага актывіста Сяргея Юдаева з крымскімі нумарамі і вялікай літарай Z на капоце была прыпаркаваная каля мясцовага ГАУС. Ранкам 1 ліпеня гаспадар знайшоў сваю машыну з аблітым белай фарбай лабавым шклом.

5 ліпеня сілавікі апублікавалі відэа жорсткага затрымання чалавека, які, паводле іх меркавання, абліў белай фарбай аўто прарасійскага Z-актывіста Сяргея Юдаева. Але на міліцэйскім відэа твар і голас былі змененыя і нумары машыны заблюраныя, што незвычайна для відэа такога тыпу.

Nashaniva.com