Пуцін сустракаўся з Прыгожыным — Libération
Французская Libération паведаміла, што Яўген Прыгожын з 1 ліпеня знаходзіцца ў Маскве, дзе сустракаўся з Пуціным, а таксама з Нарышкіным і Золатавым.
10.07.2023 / 07:45
Маскі з выявамі прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна (справа) і ўладальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына выстаўленыя сярод іншых на продаж у сувенірнай краме ў Санкт-Пецярбургу. Фота: AP
Паводле інфармацыі Libération, якая спасылаецца на крыніцы ў заходняй выведцы, Яўген Прыгожын разам з камандзірамі ПВК «Вагнер» сустрэўся з Уладзімірам Пуціным, піша «Агентство».
У Крэмль Прыгожын быў выкліканы яшчэ 1 ліпеня, на сустрэчах яго суправаджалі камандзіры ПВК, як сцвярджае газета.
Па даных выдання, Прыгожына таксама выслухалі дырэктар Расгвардыі Віктар Золатаў і кіраўнік Службы знешняй разведкі Сяргей Нарышкін.
Згодна з угодай паміж Прыгожыным і Крамлём, пасля якой заснавальнік ПВК «Вагнер» спыніў марш на Маскву, ён павінен быў выехаць у Беларусь. Аднак Аляксандр Лукашэнка ў чацвер заявіў, што Прыгожына няма ў краіне. Паводле звестак Лукашэнкі, Прыгожын «знаходзіцца ў Піцеры, можа быць, у Маскву паехаў».
Лукашэнка таксама дапусціў, што Пуцін мог змякчыць сваё стаўленне да Прыгожына.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў у пятніцу заявіў, што Крэмль не сочыць за перасоўваннямі Прыгожына. «Не маем ні магчымасці, ні жадання гэта рабіць», — сказаў ён.
Ці прыедуць вагнераўцы ў Беларусь, па-ранейшаму невядома. Лагер пад Асіповічамі, які, як меркавалася, тэрмінова пачалі будаваць для байцоў ПВК, цяпер пусты, а Мінабароны Беларусі сказала, што збіраецца выкарыстоўваць яго для вучэнняў тэрабароны.
Чытайце таксама:
Узброеныя cілы Беларусі гатовыя пераняць найбагацейшы досвед ПВК «Вагнер» — Мінабароны
Камандзір «Вагнера»: Мы ўсе ў адпачынку да пачатку жніўня, а пасля едзем у Беларусь
Стралкоў патлумачыў, нашто патрэбны адзін аднаму Лукашэнка і «Вагнер»