За 500 дзён вайны РФ не дасягнула ніводнай пастаўленай мэты ва Украіне — ISW
Інстытут вывучэння вайны канстатуе, што Расія за 500 дзён поўнамаштабнага ўварвання не змагла дасягнуць ва Украіне ніводнай запланаванай мэты.
09.07.2023 / 08:16
Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу (злева) і камандуючы Заходняй ваеннай акругай Яўген Нікіфараў. Фота: Russian Defense Ministry Press Service via AP
«500 дзён таму Расія пачала несправакаваную захопніцкую вайну супраць Украіны. Расійскія вайскоўцы мелі намер узяць Кіеў на працягу трох дзён, але не змаглі дасягнуць ніводнай з намечаных мэт ва Украіне.
Рашучае і ўмелае супраціўленне ўкраінцаў спыніла шматлікія расійскія наступы, у тым ліку на Кіеў, і вызваліла Сумскую і Чарнігаўскую вобласці, а таксама часткі Харкаўскай, Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей, якія былі часова захопленыя расійскімі войскамі.
Украінскія войскі забяспечылі ініцыятыву і праводзяць контрнаступальныя аперацыі ўздоўж большай часткі фронту тады, як расійскія войскі амаль цалкам канцэнтруюцца на спробах утрымаць украінскія землі, якія яны ўсё яшчэ кантралююць».
У ISW адзначылі, што дзякуючы дапамозе Захаду Украіна забяспечыла сваю незалежнасць, аднак перад ёй стаіць крытычна важная задача вызвалення стратэгічна важных тэрыторый, якія ўсё яшчэ знаходзяцца пад кантролем РФ.
З пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання амаль 50 тысяч украінскіх воінаў адзначылі дзяржаўнымі ўзнагародамі, сярод іх 298 абаронцам прысвоілі званне Героя Украіны.