З вінаватых у ДТЗ спаганяюць грошы за выклік хуткай і лячэнне пацярпелых
Стала вядома пра некалькі выпадкаў, калі вінаватыя ў ДТЗ беларусы аплачвалі выклік хуткай да месца аварыі і лячэнне пацярпелых, як заўважыла выданне Blizko.by.
08.07.2023 / 15:57
У Генпракуратуры адзначаюць, што ч. 4 арт. 4.1 КаАП абавязвае правапарушальніка пакрыць шкоду, прычыненую яго дзеяннямі. У ведамстве ўзялі на кантроль своечасовае і поўнае спагнанне з вінаватых ДТЗ грошай на карысць медычных устаноў. І вядомыя выпадкі, калі сапраўды так робяць.
Так, у Мінску мужчына кампенсаваў 800 рублёў на патрабаванне пракуратуры Савецкага раёна. Яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт.18. 16 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за невыкананне бяспечнай дыстанцыі. У гэтым ДТЗ тры чалавекі, сярод якіх дзіця, атрымалі цялесныя пашкоджанні — для іх выклікалі хуткую, а пазней ім дапамаглі ў бальніцы. Падчас маніторынгу пракуратура высветліла абставіны аварыі і спагнала выдаткі з кіроўцы.
Пра падобны выпадак расказала і рэчыцкая газета «Дняпровец». У гэтым выпадку вінаваты кіроўца ўрэзаўся ў машыну, якая спынілася на святлафоры. Жанчына, якая кіравала ёй, атрымала цяжкія траўмы. У выніку з мужчыны спагналі больш за 3000 рублёў на карысць рэчыцкай бальніцы. Але паколькі пацярпелую працягваюць лячыць, то ў будучыні вінаватаму прыйдуць новыя рахункі.
Чытайце таксама:
Пяцімесячнае дзіця пацярпела ў ДТЗ у Мінску
У Польшчы перавярнуўся аўтобус з беларускімі турыстамі. 11 чалавек у бальніцы