Камандзір «Вагнера»: Мы ўсе ў адпачынку да пачатку жніўня, а пасля едзем у Беларусь

Адзін з асноўных камандзіраў «вагнераўцаў» з пазыўным «Лотас» раскрыў будучыя планы наймітаў пасля сканчэння мяцяжу. Гаворка зайшла і пра Беларусь.

08.07.2023 / 15:26

Адзін з асноўных камандзіраў «вагнераўцаў» Антон Елізараў з пазыўным «Лотас» (злева) і кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын (справа). Фота: прэс-служба Прыгожына

Адзін з сяброў рады камандзіраў ПВК «Вагнер» Антон Елізараў з пазыўным «Лотас» расказаў аднаму з расійскіх ваенкараў пра будучыя планы наймітаў, у прыватнасці па размяшчэнні ў Беларусі. Яго словы перадаў расійскі праваенны тэлеграм-канал «Сіняя Z Барада».

Па словах Елізарава, Прыгожын цяпер распусціў усіх «вагнераўцаў» у адпачынак да пачатку жніўня. Зроблена гэта было для магчымасці адпачыць перад вялікай працай, асноўную частку якой трэба будзе рабіць у Беларусі».

Сам Елізараў пры гэтым не паведаміў, ці знаходзіцца ў гэты момант у Беларусі хаця б частка наймітаў. 

«У найбліжэйшай перспектыве нам трэба правесці ратацыю хлопцаў на далёкіх напрамках і прыняць навабранцаў. Потым самае складанае — гэта выхад у Беларусь. Нам трэба будзе правесці падрыхтоўку баз і палігонаў, правесці ўзгадненне з іх органамі ўлады, арганізаваць супрацоўніцтва з беларускімі сілавікамі, а таксама наладзіць лагістыку.

А пакуль мы ўсе ў адпачынку да пачатку жніўня. Распараджэнне Яўгена Віктаравіча», — расказаў «вагнераўскі» камандзір Антон Елізараў.

Нагадаем, што пасля мяцяжу расійскія ўлады прапанавалі Яўгену Прыгожыну і ПВК «Вагнер» перадыслакавацца ў Беларусь.

Пры гэтым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сам Прыгожын і яго найміты, нягледзячы на ​​дамоўленасці, усё яшчэ знаходзяцца ў Расіі.

Чытайце таксама:

Прыгожын для паездкі ў Беларусь мог выкарыстоўваць дублёра. Сам ён не пакідаў Расію — The New York Times

Нямецкая разведка праслухоўвала Прыгожына і Лукашэнку падчас бунту ў Расіі — медыя

Марк Рыхтэр