Памёр рэжысёр культавай расійскай перадачы «Куклы» Рыгор Любаміраў
Рэжысёр Рыгор Любаміраў памёр ва ўзросце 69 гадоў, як паведаміў саюз кінематаграфістаў Расіі.
08.07.2023 / 12:18
Рыгор Любаміраў нарадзіўся 22 лістапада 1953 года ў Ленінградзе. Скончыў філасофскі факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кінашколу FEMIS у Парыжы.
Працаваў на тэлеканалах НТВ, ТБ-6 і «Расія». Быў сцэнарыстам і рэжысёрам вельмі папулярнай перадачы «Куклы», якая выходзіла на яшчэ дэмакратычным і незалежным НТВ у 1994-2002 гадах у прайм-тайм. Адным з першых сцэнарыстаў быў Віктар Шандаровіч, а ў 1995-1999 гадах агучваў герояў будучая зорка расійскага кіно Сяргей Бязрукаў.
У перадачы высмейвалася расійская палітычная рэчаіснасць. Прысутнічаў там і персанаж Аляксандра Лукашэнкі.
У прыведзеным відэа 1999 года расказваецца, як Лукашэнка паехаў аб'ядноўвацца ў Расію, а пасля таго, як Ельцын адмовіўся, ён едзе да Біла Клінтана, прапанаваўшы стварыць агульную з ЗША дзяржаву.
Любаміраў быў таксама рэжысёрам і аўтарам ідэі першага расійскага рэаліці-шоу «За шклом», прадзюсарам серыялаў «Рублёўка.Live», «Сталін.Live», «Самотны воўк», «Лесвіца ў нябёсы» і іншых, як піша Kommersant.ru.