Дзесяць месцаў у ванным пакоі, якія вы, хутчэй за ўсё, прыбіраеце недастаткова добра

Добрая прыборка ваннага пакоя — гэта не толькі праціранне паверхняў. Час ад часу варта навесці суцэльную чысціню — гэта дазволіць сэканоміць шмат часу і грошай.

08.07.2023 / 10:24

Фота: John Keeble / Getty Images

Душавая насадка

Мінеральныя адклады ў вадзе могуць пашкодзіць насадку для душа і нават скараціць тэрмін яе службы. Трымайце дзірачкі ў насадцы чыстымі, прамываючы іх з дапамогай воцату, соды, солі або мыйнага сродку.

Калі выкарыстоўваеце апошні, проста змяшайце яго з вадой, каб атрымалася мыльная сумесь, акуніце ў яе насадку і трымайце некалькі хвілін. Потым уключыце душ, прамыйце насадку і пратрыце сухой анучай.

Гэты спосаб вычысціць насадку для душа — найлепшы

Дарагія сродкі для чысткі заменіць воцат

Ніжняя частка ўнітаза

Сядзенне, крышка і верхняя частка бачка — гэта добра прыкметныя месцы, якія звычайна мыюць. Але ніжняя частка ўнітаза і водаправодныя трубы за ім таксама запыляюцца і засяляюцца мікробамі, таму іх абавязкова трэба прадэзынфікаваць і працерці сухой анучай.

Лямпачкі і свяцільні

У ванным пакоі лёгка забыцца выцерці пыл са свяцільняў, а зрабіць гэта лепш сурвэткай з мікрафібры. Пры выключаным святле (і халоднай лямпачцы) з дапамогай сурвэткі пратрыце ўнутраную і вонкавую часткі свяцільні, а таксама саму лямпачку.

Калі свяцільня ўяўляе сабой празрысты шар, то дастаньце лямпачку, пратрыце яе паверхню сродкам для мыцця шкла і дайце цалкам высахнуць, перш чым зноў уставіць у свяцільню.

Ракавіна, ванна і зліў у душы

Злівы ракавіны, душа і ванны добра адмыюцца, калі вы праціраеце іх штотыдзень. Але каб прадухіліць дадатковае назапашванне бруду і валасоў, зрабіце звычкай здымаць зліў ці крышку зліўной адтуліны і старанна іх прамываць. Выкарыстоўвайце шчотку з мяккім шчаціннем для ачысткі ўнутранай часткі зліўной адтуліны.

Калі вы будзеце рабіць гэта рэгулярна, то можаце пазбегнуць больш складаных работ, напрыклад, чысткі забітай трубы.

Вентыляцыйныя адтуліны і вентылятары

Выдаляць пыл і дэзынфікаваць часткі ваннага пакоя, якія падтрымліваюць цыркуляцыю паветра, — таксама важна для чысціні. Каб даць рады выцяжному вентылятару, можна проста сцерці пыл з яго паверхні, але звычайна больш эфектыўна зняць крышку і правесці глыбокую ачыстку з дапамогай ручнога пыласоса. Крышку зняць нельга? Распыліце на мяцёлку для выцірання пылу раствор з 50% белага воцату і 50% вады, а таксама некалькі кропель алею чайнага дрэва, каб натуральным чынам абеззаразіць і асвяжыць паветра.

Дзіцячыя цацкі для купання

Дзіцячыя цацкі для купання — гэта магніты для цвілі. Перш за ўсё выпрацуйце звычку даваць усім цацкам цалкам высахнуць на паветры перад тым, як схаваць, а таксама выдаляйце ўсю ваду з цацак-распыляльнікаў, каб зменшыць імавернасць росту цвілі ўнутры прадмета.

Мікробы і цвіль не займеюць шанцаў трапіць у цацкі, калі вы будзеце рэгулярна іх мыць у ванне з алеем чайнага дрэва, белым воцатам і вадой.

Унутраная частка крана

Вапнавыя адклады будуць назапашвацца ўнутры носіка крана, асабліва калі ў вас жорсткая вада.

У залежнасці ад таго, які ў вас кран, гэтыя адклады могуць забіць аэратар і паўплываць на ціск вады. Разбярыце насадку крана і пачысціце аэратар і іншыя кампаненты з дапамогай звычайнага белага воцату. Таксама можна ўзяць маленькую шчотку з жорсткім шчаціннем, змачыць яе ў воцаце і пачысціць унутраную частку крана.

Шторы і шыбы

Калі ў вашым ванным пакоі ёсць вокны, не забывайцеся іх мыць таксама, каб зменшыць колькасць пылу і бруду, якія могуць назапашвацца і трапляць унутр праз адчыненае акно.

Скрынкі і шуфлядкі 

Высоўныя скрынкі ў ванным пакоі — гэта магніт для валасоў, якія падаюць з расчоскі, а таксама пудры, якая можа трохі рассыпацца, і іншых касметычных сродкаў. Кожны месяц рабіце якасную прыборку ў скрынках. Дастаньце з іх усе рэчы, пратрыце вільготнай анучай, а затым акуратна ўсё складзіце назад.

Каб зрабіць гэтую руцінную працу больш прыемнай і простай, можна пазасцілаць скрынкі кавалкамі прыгожай тканіны, якая, з аднаго боку, будзе падымаць вам настрой, а з другога — яе будзе лёгка дастаць і памыць.

Адкрытая сантэхніка

Трубы, бачныя пад стальніцай ці туалетным столікам, таксама трэба час ад часу чысціць. Перыядычна апырсквайце іх і працірайце разведзеным белым воцатам. А можна апрацаваць іх сродкам для паліроўкі металічных паверхняў, каб яны выглядалі новымі і бліскучымі.

 

Чытайце яшчэ:

Што танней — прымаць ванну ці душ? І яшчэ пяць карысных фактаў пра эканомію на камуналцы

Жыццё побач з паркамі запавольвае біялагічнае старэнне

Мужчыну вельмі не падабалася, што з кандыцыянера суседзяў капае вада. Ëн залез да іх на балкон восьмага паверха

Nashaniva.com