Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм'ер-міністрам Італіі

Сустрэча адбылася ў Палаца Кіджы, які з’яўляецца афіцыйнай рэзідэнцыяй італьянскіх прэм’ер-міністраў. Прэм’ерка запэўніла Ціханоўскую ў поўнай падтрымцы беларускага дэмакратычнага руху, паведамляе прэс-служба нацыянальнага лідара Беларусі.

07.07.2023 / 13:28

Святлана Ціханоўская і Джорджа Мелоні. Фота: governo.it

Падчас перамоваў абмеркавалі стратэгію па вызваленні палітычных вязняў, па абароне беларускай незалежнасці і па ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі.

Святлана Ціханоўская падзякавала Італіі за падтрымку рэпрэсаваных, за выдачу візаў, за тое, што Італія раздзяляе рэжым і беларусаў і не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам.

Таксама быў абмеркаваны механізм прыцягнення рэжыму да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і за выкраданне ўкраінскіх дзяцей. Ціханоўская адзначыла, што надзвычай важна, каб Беларусь была згаданая ў дыскусіях падчас Саміту NATO і ў выніковай дэкларацыі.

«Гэта была важная сустрэча. Лідарка Італіі будзе падымаць пытанне Беларусі на міжнароднай арэне. Я бачу яе рашучасць, бачу, што яна выдатна разумее нашу сітуацыю і гатовая дапамагаць не толькі на словах, але і на справах. Сёння мы займелі яшчэ адзін моцны голас у падтрымку свабоднай і незалежнай Беларусі», — сказала Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская і Джорджа Мелоні. Фота: governo.it

Nashaniva.com