«Я, калі ў Расіі быў, то хадзіў і соплі жаваў». У Калінкавічах расіяне на Купалле спрабавалі качаць правы. І нарваліся на непрыемнасці
У гарадскім парку ў Калінкавічах 6 ліпеня адзначалі Купалле. Адна з гандлёвых палатак вырашыла закрыцца праз дождж, але госці Беларусі, якія сядзелі пад яе парасонамі, адыходзіць не хацелі і працягвалі піць піва. Канфлікт скончыўся выклікам міліцыі, піша «Люстэрка».
07.07.2023 / 08:49
Нягледзячы на тое, што беларускія сілавікі вельмі лаяльна ставяцца да прыезджых з Расіі, цярпець «казыранне» расійскім пашпартам яны не сталі: «Правы вы тут качаце не будзеце».
— Ну і што, што расійскі пашпарт? — спытаў сілавік у расіянкі.
— Я ў госці прыехала, я на свяце магу быць да 10-ці гадзін. Маю поўнае права! — раздражнёна адказала тая.
— Зараз прыедзе мужчына, палаткі збяруцца, і ўсё. А вы можаце хоць ноччу прыйсці, — паспрабаваў яе супакоіць міліцыянт.
Жанчына перайшла на павышаны тон і пачала спрачацца, сілавік таксама паціху стаў раздражняцца і папрасіў у яе дакументы, а затым стаў задаваць пытанні пра рэгістрацыю.
— Прыехалі тут невядома адкуль, будзеце правы качаць. Я, калі ехаў у Расію, правы не качаў, я ціхенька хадзіў і соплі жаваў, а вы правы тут качаеце. Правы вы тут качаць не будзеце, — пракаментаваў ён.
Звычайна беларускія сілавікі вельмі лаяльна ставяцца да расіян. Напрыклад, ДАІ не карае іх за налепкі літары Z на аўтамабілях, але за нацыянальную сімволіку беларускім кіроўцам прызначаюць штрафы або «суткі».
Калі ўвечары 17 чэрвеня ў Івацэвічах затрымалі кампанію з некалькіх нецвярозых расіян на машыне з сімвалам Z, адзін з якіх быў вайскоўцам, за п'яную язду і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, то ўсё пакаранне скончылася штрафам.