У Літве пражывае ўжо да 60 тысяч беларусаў. Але ва ўладаў краіны ёсць засцярога
Вялікая колькасць беларусаў прыехала ў Літву пасля пачатку рэпрэсій увосень 2020 года, а таксама пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
07.07.2023 / 08:29
Фота: «Наша Ніва»
Разам з тым незразумела, колькі дакладна беларусаў і расіян прыехала ў Літву пасля ўварвання Расіі ва Украіну. «Гэта 55 000 беларусаў і менш за 20 000 расіян», — сказаў старшыня парламенцкага Камітэта нацыянальнай бяспекі і абароны Лаўрынас Кашчунас.
Дэпартамент міграцыі сцвярджае, што выдаў дазвол прыкладна аналагічнай колькасці беларусаў, але расіян паказвае ўдвая менш, піша Delfi.lt.
Грамадзянам Расіі выдадзена да 8000 дазволаў на жыхарства ў Літве і віз з пачатку вайны да сённяшняга дня.
У выпадку з грамадзянамі Беларусі — іх каля 60 000», — сказала кіраўнік Дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайце.
Па даных дэпартамента, неабавязкова ўсе беларусы засталіся ў краіне, яны маглі з'ехаць у іншыя краіны ЕС.
«Дакладную колькасць мы не можам назваць, бо гэтыя людзі прыязджаюць і з'язджаюць. Тое, што яны прыехалі, не значыць, што яны знаходзяцца ў Літве і цяпер», — заўважыла Гудзінскайце. Усе, хто атрымаў дазвол на жыхарства ў Літве, абавязаныя дэклараваць месца жыхарства. Паводле звестак Цэнтра рэестра, летась па стане на 24 лютага дазвол на жыхарства ў Літве мелі 17 200 расіян і 32 700 беларусаў. Цяпер гэтыя лічбы такія: 20 300 расіян і 55 300 беларусаў.
Аднак сярод людзей, якія прыязджаюць дзеля бяспекі ў Літву, ёсць і тыя, хто ўяўляе пагрозу краіне. За паўгода праз пагрозу нацыянальнай бяспецы ў Літву не ўпусцілі 1000 расіян і беларусаў.
«Беларусам не дазволілі ўезд 800 разоў, а расіянам — 150, гэта са снежня мінулага года да сённяшняга дня», — сказала Гудзінскайце.
Самы вялікі паток расіян і беларусаў ехаў у Літву, калі не было строгіх праверак, да снежня 2022 года.
Таксама літоўская разведка паведамляе, што назіраецца пошук сродкаў для таго, каб унесці разлад паміж уцекачамі з Расіі і Беларусі і літоўцамі.
Ёсць людзі, якія кажуць, што пагрозу можа ўяўляць і стаўленне расіян, беларусаў да Літвы або да гісторыі Літвы.
«Ёсць такая дактрына ліцвінізму, згодна з якой ВКЛ — дзяржава беларусаў, а не літоўцаў. І тут з'яўляюцца нюансы, стаўленне да незалежнасці Літвы, яе ролі, да Вільні», — сказаў Кашчунас.