«Пальчыс саступіў мне месца на нарах». Праграміст адседзеў у калоніі — за кратамі вы б яго не пазналі

«Краіна захопленая сілавікамі», — кажа былы палітвязень Анатоль Хіневіч. Праз пагрозу паўторнага арышту ён з’ехаў з Беларусі, прабыўшы на волі тры месяцы. Праграміст і бард з Барысава адседзеў за кратамі 2,5 года. Ён расказаў, як перасёкся за кратамі з Пальчысам і Знакам, чаму вязні радаваліся праверкам у калоніі і што за фільмы паказвалі пасля пачатку вайны.

10.07.2023 / 09:00

Анатоль Хіневіч. Фота: асабісты архіў Анатоля Хіневіча

«Наслухаўся гісторый, як няволя руйнавала асабістае жыццё людзей»

29-гадовага Анатоля Хіневіча вызвалілі 15 лютага. Ён ведаў, што, «калі выйдзе з калоніі, трапіць не зусім на волю».

На радзіме пад наглядам міліцыі і з абавязкам штотыдзень наведваць прафілактычныя гутаркі Хіневіч прабыў да 21 чэрвеня.

Увесь гэты час яго настойліва папярэджвалі, каб ён ні ў чым крамольным не ўдзельнічаў.

«Парадкі ў калоніі — гэта адбітак таго, што дзеецца ў грамадстве, — адзначае Анатоль. — За 2,5 года паняцце нармальнасці змясцілася».

Па яго словах, цяпер у Беларусі людзі імітуюць нармальнае жыццё.

«Днямі прачытаў артыкул аб вызваленні барда Аляксандра Баля. Ён называўся «Не білі — і тое добра», — ілюструе прыкладам беларускія рэаліі былы палітвязень.

Анатоль Хіневіч па вызваленні. Фота: сацыяльныя сеткі

Анатоль лічыць: калі ў такіх абставінах хтосьці асмельваецца словам, а то і справаю падтрымліваць палітычна асуджаных, дык тое многага каштуе. За час зняволення ён наслухаўся нямала гісторый, як няволя руйнавала асабістае жыццё людзей.

«У кагосьці распадаліся сям’і. Некага адракаліся родзічы», — расказвае былы палітвязень.

«Пануе тупасць і жорсткасць»

Анатоль Хіневіч быў затрыманы 20 верасня 2020 года на «Маршы справядлівасці». Яго абвінавацілі ў супраціве міліцыянту і асудзілі на 2,5 года калоніі агульнага рэжыму. Сваёй віны ён не прызнаў. Адбываў тэрмін у калоніі №3, больш вядомай як «Віцьба».

Да этапавання ў калонію Анатоль пабываў і ў некалькіх ізалятарах.

«На Акрэсціна і ў Жодзіне пануе тупасць і жорсткасць», — кажа пра ўмовы ўтрымання ў тых вязніцах мужчына.

У кастрычніку 2020 года на Акрэсціна ён бачыўся са зняволеным блогерам і грамадскім актывістам Эдуардам Пальчысам. Іх камера была перапоўненая, і Эдуард, каб Анатоль паспаў, саступіў яму нары, а потым расказаў пра турэмныя парадкі.

Эдуард Пальчыс. Фота: «Новы час»

Эдуарда месяц трымалі ў адзіночцы, і ён не ведаў, што адбываецца на волі.

Два месяцы Хіневіч правёў у ізалятары на Валадарцы. Яго камеру моцна не чапалі. За ўвесь час знаходжання ў ёй было толькі некалькі ператрусаў.

На Валадарцы Анатоль 1,5 месяца сядзеў у адной камеры з Андрэем Войнічам (актывістам, якога судзілі па адной справе з палітыкам Паўлам Севярынцам).

Андрэй Войніч. Фота: БелаПАН

«Андрэй някепска выглядаў, але праблемы са здароўем у яго ўжо былі. Ён бадзёрыўся. Інфармацыйна нас падаграваў. Яму шмат лістоў прыходзіла. Пераказваў некаторыя нам», — згадвае Анатоль.

Самым жудасным месцам зняволення для Анатоля быў СІЗА ў Жодзіне. Калі ён трапіў туды пасля суда, камеры былі перапоўненыя. Абыходжанне супрацоўнікаў з арыштантамі было вельмі жорсткім.

«Сядзім за тое, што за намі праўда»

У «Віцьбу» Анатоля этапавалі ў красавіку 2021 года. Асуджаных па палітычных матывах у ёй было пад два дзясяткі.

У 2022 годзе арыштантаў з жоўтымі біркамі і статусам «экстрэміст» паболела да сотні.

«Тады я перастаў лічыць, якая нас колькасць. Нават па імёнах не мог ведаць усіх. Дзве траціны наогул былі мне незнаёмыя», — згадвае ён.

Анатолю з палітвязняў запомніўся Максім Знак. Да турмы ён бачыў яго толькі на фотаздымках.

Максім Знак

«У калонію Максіма прывезлі лысым, і мне ён падаўся нязграбным. Потым сталі праглядацца рысы, падобныя да тых, што я бачыў на фотаздымках. Але я не сказаў бы, што Знак быў вельмі падобны да таго, што я бачыў на фота», — гаворыць Анатоль.

Па яго словах, Максім Знак ветлівы, карэктны, дакладны. Ён не прэтэндуе на ролю лідара і з усімі камунікуе. Стараецца адказваць на ўсе пытанні. Пазбягае канфліктаў.

Анатолю запомнілася фраза, якую Максім Знак прамовіў, адказваючы на пытанне палітвязня, за што яны сядзяць.

«За тое, што за намі праўда», — цытуе словы зняволенага юрыста суразмоўца.

Анатоль запэўнівае, што Максім Знак не згубіў сябе за кратамі. Ён застаецца верным сваёй справе і ідэі.

«Не разумею, навошта Максіма Знака трэба было садзіць і чаго дамаглася гэтым улада. Каго яна запалохала? Цяпер за кратамі соль нацыі. Самыя годныя людзі», — абураецца Анатоль.

Анатоль кажа, што ў калоніі было трое палітвязняў, якія з усімі гаварылі па-беларуску.

Мужчына бачыўся з Максімам Вінярскім, але шмат гаварыць з ім не ўдавалася, бо былі ў розных атрадах.

Максім Вінярскі

Максім бегае на стадыёне. Яго часта кідаюць у штрафны ізалятар. У канцы 2021 года ён трымаў галадоўку.

«Гэта адзіны вядомы мне факт, калі ў «Віцьбе» нехта галадаў, — расказвае Анатоль. — На сёлетні Новы год яго таксама змясцілі ў штрафны ізалятар. Прыйшоў аператыўнік і сказаў, што трэба яго пасадзіць, таму намалюе парушэнне. Проста падпішы паперы і не кіпішуй. Не ведаю, ці кіпішаваў ён, але ў ШІЗА трапіў».

Анатоль часта камунікаваў з Мікітам Харловічам, бо меў з ім агульныя захапленні ў творчасці і мастацтве.

Мікіта Харловіч. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Мікіта бавіў час за чытаннем і напісаннем кніг.

«Разам бывалі ў літаратурным клубе і там маглі пагаварыць», — згадвае Анатоль.

У Мікіты на зоне вельмі мала вольнага часу, бо ён працуе ў адмысловым цэху.

«У яго складаныя ўмовы працы, — тлумачыць Анатоль. — Ён працуе ў атрадзе дрэваапрацоўкі, які называецца службовы. Звычайныя атрады мяняюцца пазменна, а службовы працуе штотыдзень па сваім графіку. Таму і часу вольнага застаецца няшмат».

Да атрада Анатоля быў прыпісаны Уладзімір Цыгановіч. У атрадзе, аднак, Уладзіміра не бачылі, бо з каранціну нявольніка адправілі на турэмны рэжым.

Уладзімір Цыгановіч. Фота: сацыяльныя сеткі

Заробак за сем месяцаў — 90 рублёў

Анатоль у калоніі спачатку працаваў на разборцы металу, а затым па стане здароўя быў пераведзены ў швейны цэх. Заробкі ў зоне мізэрныя.

За сем апошніх месяцаў няволі Анатоль Хіневіч зарабіў 91 рубель 39 капеек. Памер рэкорднага заробку палітвязня складаў 29 рублёў 88 капеек.

Даведка аб заробку Анатоля Хіневіча за сем месяцаў працы ў швейным цэху. Фота: асабісты архіў Анатоля Хіневіча

Першыя чатыры месяцы калоніі для Анатоля прайшлі спакойна.

У верасні 2021 года пачалося прэсаванне. Тады яго першы раз пакаралі штрафным ізалятарам за тое, што нібыта не павітаўся з супрацоўнікам.

У штрафным ізалятары Анатолю давялося пабываць яшчэ двойчы.

Па афіцыйнай версіі ў яго нібыта не сышоўся вопіс рэчаў. Па неафіцыйнай — Анатоля вінавацілі ў тым, што яны з іншым асуджаным складалі і спявалі песні пра супрацоўнікаў калоніі. 

Знаходзячыся ў ШІЗА, Анатоль патрабаваў разабрацца з паклёпам. Ён лічыць: калі б упарта не бараніў сябе, то са штрафнога ізалятара мог бы ўвогуле не выйсці.

Анатоля ўражвала, колькі ў «Віцьбе» марнуецца рэсурсаў, каб усе пакаранні паказаць у бюракратычна законным свеце.

«У вязніцу пастаянна ездзяць праверкі. «Віцьбу» дэманструюць як узорна-паказальную калонію. Для зняволеных праверкі былі плюсам, бо адміністрацыя займалася маляваннем прывабнай карцінкі і тады ёй было не да рэпрэсій», — адзначае былы палітвязень.

Ён кажа, што паводзіны адміністрацыі былі непрадказальнымі.

Жоўтая бірка — адзнака палітвязня. Фота: асабісты архіў Анатоля Хіневіча

Анатоль мяркуе, што адміністрацыя прэсавала вядомых медыйных асоб па загадзе зверху. Калі ж ціснулі на палітвязняў менш знакавых, то гэта была ініцыятыва на месцы.

«Гэта рабілася для справаздачы, каб паказаць, што з «экстрэмістамі» праца вядзецца. Маўляў, яны злосныя парушальнікі рэжыму, таму ім нельга мяняць рэжым адбыцця пакарання на больш мяккі ці ўмоўна-датэрмінова вызваляць», — мяркуе Анатоль.

У літаратурным клубе паказвалі відэа канцэрта «Старога Ольсы»

Абстрагавацца ад турэмнай рэчаіснасці Анатолю дапамагаў літаратурны клуб. Заняткі ў ім дазвалялі акунуцца ў свет вольнага жыцця.

Літаратурны клуб прыдумалі турэмшчыкі для рознабаковага развіцця асуджаных. Спачатку нявольнікаў заваблівалі туды рознымі бонусамі, напрыклад, абяцалі дадатковыя тэлефанаванні. Пазней сталі складаць спісы. Цікавасць да клуба залежала ад тэмы яго пасяджэння.

«Была афіцыйная частка, якая выконвалася для Дэпартамента выканання пакаранняў, яе здымалі на відэа для справаздачы. А час, які заставаўся, прысвячалі таму, што цікава нам. Гэта ўзгаднялася з адказным за літаратурны клуб супрацоўнікам адміністрацыі», — расказвае Анатоль.

У клубе абмяркоўвалі даклады на загадзя зададзеную тэму.

Гаварылі пра жыццё вядомых людзей (Маска, Джобса, Тэслу), глядзелі кінастужкі, слухалі музыку. Адно з пасяджэнняў было прысвечана Іагану Себасцьяну Баху. Слухалі яго твор у выкананні сімфанічнага аркестра.

Шмат палітвязняў прыйшло ў літаратурны клуб, калі ў ім паказвалі відэа канцэрта гурта «Стары Ольса».

У літаратурным клубе чытаў свае творы і Анатоль. Былі сярод іх і на беларускай мове. Адзін з вершаў ён напісаў у ШІЗА.

Папраўчая калонія №3 «Віцьба». Фота: Wikimapia.org

«Глядзець навіны нёсся ўвесь атрад»

З пачаткам вайны ва Украіне паболела рэжымных гадзін для прагляду савецкіх ці расійскіх ура-патрыятычных ваенных кінастужак.

«Шмат асуджаных стала цікавіцца навінамі. Да вайны такога не было. А калі яна пачалася, то глядзець навіны нёсся ўвесь атрад. Вядома ж, паказвалі толькі праўладныя каналы, але нявольнікі па драбніцах збіралі адтуль інфармацыю», — гаворыць Анатоль.

З вайною палітвязням перасталі прыходзіць лісты заказной поштай. Звычайнае ліставанне дазвалялася толькі з роднымі.

«Краіна захопленая сілавікамі»

Эміграваць Анатоль задумаў яшчэ за кратамі.

Ён разумеў, што спакойнага жыцця на волі яму не дадуць і да таго ж над ім пастаянна будзе вісець пагроза паўторнага арышту.

За некалькі дзён да ад’езду Анатоль даведаўся пра затрыманне сябра. Калі ж дазнаўся дэталі справы, то часу на роздум не было. 22 чэрвеня ён развітаўся з радзімаю.

Анатоль Хіневіч. Фота: асабісты архіў Анатоля Хіневіча

На думку Хіневіча, краіна захопленая сілавікамі, якія перарабляюць яе пад сябе.

«Спадзяюся, што сітуацыя зменіцца», — падсумоўвае гутарку Анатоль Хіневіч.

Глядзіце таксама:

Былы палітвязень расказаў, як зняволены «адрэзаў галаву» іншаму. Забіты ладзіў правакацыі

Як схуднець да непазнавальнасці. Пра харчаванне ў зняволенні піша Алег Груздзіловіч

Тры гады за кратамі. Алексіевіч, Ціханоўская і іншыя вядомыя людзі звярнуліся да Ігара і Дар'і Лосікаў

«Сядзеў з Бабарыкам, хварэў на каросту, схуднеў на 20 кілаграмаў». Былы палітвязень пра калонію і жыццё на волі

«Мне падабалася партызаніць». Былы палітвязень з Дзяржынска расказаў аб сваёй дзейнасці, а пасля прэс-хаце і прэсаўшчыках

Васіль Вашчыла