«Памежнік сказаў, што я магу вярнуцца да 31 ліпеня, але ўсё пайшло не так». Беларуса з працягнутай візай не пускалі ў Польшчу
Эпідэмічны стан у Польшчы адмянілі з 1 ліпеня. Гэта значыць, што па працягнутых праз пандэмію дакументах можна легальна знаходзіцца ў Польшчы яшчэ месяц, а потым — усё. Але ці можна перасякаць мяжу ў гэты «пераходны» месяц, дагэтуль было няясна: наўпрост гэта не пазначана, а трактаваць можна як заўгодна. Тэлеграм-канал Dzik Pic знайшоў беларуса, які днямі прарабіў гэты шлях, хоць і не без прыгод.
05.07.2023 / 16:46
Фота ілюстрацыйнае
«Працоўны ДНЖ я павінен атрымаць літаральна вось-вось, мая «карта побыту» ў працэсе вырабу. Але забраць яе я да адпачынку не паспеў і паляцеў у Турцыю з працягнутай візай.
Прычым, калі я вылятаў з Польшчы, спытаў у памежніка, ці не будзе праблем? Той сказаў, што я магу вярнуцца з гэтай візай у Польшчу да 31 ліпеня.
Але далей усё пайшло не так.
Пазаўчора наступіў дзень вылету, і мяне проста не пусцілі на самалёт Pegasus з Турцыі ў Гданьск. Кажуць, тэрмін візы мінуў, і мы такіх не бяром на борт.
У выніку білет згарэў, а я купіў найбліжэйшы квіток да Мінска і зняў нумар на суткі.
«Белавія» да Мінска абышлася мне ў 550 еўра, плюс гатэль дзесьці 120 еўра і ўсялякія выдаткі накшталт таксі яшчэ зверху. Але і ў Мінску мяне не пусцілі ў аўтобус Intercars да Варшавы. Прычыны тыя ж: віза скончылася.
Але надзеі я не губляў і паспрабаваў трапіць у Польшчу іншым шляхам: даехаў на цягніку да Брэста, а адтуль папрасіў знаёмых на машыне адвезці мяне ў Варшаву. Кажуць, можна пад'ехаць проста да чаргі на мяжы і папрасіцца, каб правезлі за грошы — большасць так едзе да Бельска-Бялы на закупы.
Як я зразумеў, авіякампаніі глядзяць толькі візу, а не ў закон. А аўтобусныя кампаніі расказалі кіроўцам толькі пра закон аб адмене эпідэмічнага стану з 1 ліпеня, а пра тое, што візы дзейнічаюць яшчэ 30 дзён, забыліся.
Толькі польскія памежнікі ў курсе сітуацыі: сказалі, што да канца месяца можна ездзіць спакойна, але нагадалі, што мне трэба атрымаць «побыт» да канца месяца.
Так што калі вам трэба перасекчы мяжу з працягнутай візай, то лепш рабіць гэта праз пункт пропуску ў Брэсце: там лягчэй за ўсё знайсці каго-небудзь да Польшчы, бо з Мінска ўсе едуць праз Літву.
Я спрабую ставіцца да гэтага па-філасофску: у цэлым усе жывыя і здаровыя, але грошы за авіяквіток буду спрабаваць вярнуць у авіякампаніі», — расказаў беларус.
Чытайце таксама:
Стаяць 30 гадзін на польскай мяжы ці ехаць круг 700 км праз Літву?
Беларусы змогуць падавацца на дазвол на жыхарства ў візавых цэнтрах Літвы
Тэрмін разгляду дакументаў у іспанскім консульстве павялічылі ў тры разы