Былы палітвязень расказаў, як зняволены «адрэзаў галаву» іншаму. Забіты ладзіў правакацыі
Гэтыя падзеі, па словах Кабанава, адбыліся месяц таму.
05.07.2023 / 21:25
Магілёўская турма. Фота: «Вясна»
Былы зняволены Аляксандр Кабанаў расказаў, што месяц таму ў магілёўскай турме, дзе ён адбываў пакаранне, зняволены з прозвішчам Ч. перарэзаў «мыйкай» (так называюць за кратамі лязо ад аднаразовага станка для галення) шыю іншаму зняволенаму Б. Лязо знайшлі нібы ў хрыбетніку. Здарылася гэта сярод белага дня.
«З Б. я сядзеў два месяцы ў адной камеры, правакатар опера Н. Такія турэмныя норавы.
А яшчэ прыязджаў следчы і дапытваў маіх сукамернікаў, ужо па мне. Складаюць псіхалагічны партрэт для будучых судовых паседжанняў», — напісаў ён у сацсетках.
Аляксандр Кабанаў удакладніў «Нашай Ніве», што атрымаў інфармацыю пра гэта «ад сваёй праверанай крыніцы».
«Гэта толькі частка, якую магу агучыць», — кажа ён.
Па яго словах, Ч. меў праблемы з наркотыкамі, катаваў сваю цяжарную жонку (атрымаў каля 10 год зняволення), Б. асуджаны за забойства (яму далі каля 17 гадоў, прыкладна палову тэрміну адседзеў).
«Ім карысталіся для таго, каб правакаваць сукамернікаў і потым круціць іх па 411 артыкуле (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). З-за яго па 411-м атрымаў дадатковы тэрмін палітвязень, анархіст, гэта было яшчэ пры мне».
Па словах Кабанава, Б. ладзіў правакацыі ў камерах. Адна з іх адбылася ў яго на вачах.
«У турме выдаюць парашок для таго, каб мыць унітаз, ракавіну, — расказвае ён. — Б. пачаў гэты парашок адкладаць сабе ў пакет. А другі зняволены, не памятаю яго прозвішча, падышоў да яго і сказаў, што гэты парашок даюць на усю камеру. Б. пачаў адказваць, што гэта яго парашок, яму нібыта яго даслалі ў пасылцы. А пасылак ужо не было тры гады.
Пачынаецца слоўная сварка, яны хапаюць адзін аднаго за грудкі, штурхаюць, крычаць. У гэты момант выклікаюць дзяжурнага. Абодвум даюць па 30 сутак ШІЗА.
У мяне з ім быў такі выпадак: Б. прасіў у мяне пачак цыгарэт, запалкі. Я даў, кажу, што яму гэта на тыдзень. А ён сеў і выкурыў за дзень. Назаўтра зноў падышоў і пачаў прасіць. Вядома, больш я не даваў. Сказаў яму, каб сеў на нары і каб я больш яго не чуў. Ён вось так два месяцы сядзеў, уторкваў у адну кропку».
Кабанаў апісвае яго паводзіны як «неадэкватныя».
Сам Кабанаў выйшаў на волю ў снежні 2022 года. Яму прысудзілі 3 гады за «арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак». Перад выбарамі ён быў у ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай. Цяпер блогер працуе прэс-сакратаром у «Белполе» (частцы аб'яднання былых сілавікоў з «Байпол»).
Чытайце таксама:
Эдуарду Бабарыку далі 8 гадоў калоніі
У Фаніпалі чарговыя хапуны за жнівеньскія пратэсты 2020 года — праваабаронцы
«За год мы так і не даведаліся, за што канкрэтна была асуджаная Каця Андрэева»