Мілінкевіч выказаўся пра наступствы замены Святланы Ціханоўскай і магчымы яе палітычны лёс пасля 2025 года
Экс-кандыдат у прэзідэнты (2006) Аляксандр Мілінкевіч у эфіры «Еўрарадыё» перасцярог ад ратацыі лідаркі дэмакратычных сілаў Беларусі, адзначыў найбольш моцны бок Ціханоўскай і паразважаў пра яе месца ў новай Беларусі.
05.07.2023 / 19:10
Святлана Ціханоўская са сваімі дарадцамі. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай
На погляд Мілінкевіча, размовы пра тое, што нашы дэмакратычныя сілы не туды зарулілі ці што няма ніякіх вынікаў іх дзейнасці, а таксама прапановы змяніць палітычных лідараў, перш за ўсё Ціханоўскую, не ўлічваюць абсалютна недэмакратычную сітуацыю ў Беларусі.
«У нас няма выбараў, не захоўваюцца правы чалавека. У гэтых умовах нельга спрабаваць выбіраць нейкі парламент, міністраў, прэзідэнта. Гэта ўсё будзе ў дэмакратычнай краіне. Цяпер трэба захаваць легітымнасць яе лідара Ціханоўскай і суб'ектнасць Беларусі як яшчэ незалежнай краіны», — адзначае былы палітык.
На яго думку, ратацыяй будзе зруйнаваны інстытут Ціханоўскай, тое, што было створана дзейнасцю самой Святланы Ціханоўскай і яе Офісам:
«Гэта была б трагічная памылка. Цяпер яна твар незалежнай Беларусі. Яна гарант незалежнасці нашай краіны ў вачах Еўропы і Злучаных Штатаў. Ліквідацыя яе інстытуту не азначае, што з тымі, хто прыйдзе ёй на змену праз ратацыю ці праз вылучэнне нейкай персоны, будуць сустракацца і гаварыць, лічыць іх прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці».
Аляксандр Мілінкевіч адзначае, што «ў Ціханоўскай ёсць тое, чаго няма ў астатніх: яна выйграла ў вачах большасці беларусаў і амаль усяго дэмакратычнага свету выбары. Яна легітымны чалавек. Новы чалавек, які б ён ні быў, не будзе легітымным».
Мілінкевіч заклікае ні ў якім разе не мяняць Святлану Ціханоўскую.
«Крытыка, дыскусіі могуць быць. Але змяніць тое, што ўтварылася, што захоўвае нашы шанцы на незалежную дзяржаву, нельга».
Аляксандр Мілінкевіч заклікае ні ў якім разе не мяняць Святлану Ціханоўскую. Скрын відэа.
На пытанне пра тое, што будзе з легітымнасцю Ціханоўскай пасля выбараў 2025 года, Мілінкевіч адказаў, што яна захаваецца ў выпадку, калі выбары будуць недэмакратычнымі.
«Час хутка змяняецца, адбываюцца непрадказальныя рэчы. Калі на той час будуць дэмакратычныя выбары, то невядома, ці яна будзе ўдзельнічаць у іх. Магчыма, яна зробіць так, як абяцала — распіша новыя выбары і пойдзе».
У любым выпадку, як адзначыў Мілінкевіч, такім раскручаным на сусветным узроўні людзям пакідаць палітыку не трэба:
«Яна можа быць міністрам ці парламентарыем. Калі нейкія сілы ёсць, то яна мусіць застацца ў палітыцы і не адыходзіць».
Чытайце яшчэ:
Мілінкевіч прапанаваў назваць Нацыянальны аэрапорт «Мінск» імем Станіслава Шушкевіча
Аляксандр Мілінкевіч: Дэмакраты ў Расіі — за дэмакратычную імперыю