Эдуарду Бабарыку далі 8 гадоў калоніі
Сёння суддзя Уладзімір Арэшка агучыў прысуд Эдуарду Бабарыку — сыну экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, кіраўніку яго перадвыбарчага штаба. Вынік — 8 гадоў калоніі.
05.07.2023 / 15:07
Эдуард Бабарыка падчас судовага пасяджэння. Фота: БелТА
Віктара і Эдуарда Бабарыкаў затрымалі 18 чэрвеня 2020 года. Эдуард узначальваў перадвыбарчы штаб бацькі. Іх спынілі, калі яны везлі ў ЦВК подпісы, сабраныя для вылучэння Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.
Праз год Віктара Бабарыку асудзілі да 14 гадоў калоніі. З 25 красавіка 2023 года пра яго нічога не вядома.
Яго сын правёў у СІЗА без суда больш за тры гады.
Эдуард Бабарыка прызнаны вінаватым, у прыватнасці, ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, дапамаганні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы.
Што тычыцца ўхілення ад выплаты падаходнага падатку, то гаворка ідзе пра перыяд з 2012 па 2022 год. У абвінавачванні, агучаным раней дзяржаўным абвінаваўцам, гаворыцца, што Бабарыка павінен быў дэклараваць даходы і валодаў рэальнай магчымасцю гэта рабіць, але не прадставіў у інспекцыю падатковую дэкларацыю.
Што тычыцца легалізацыі («адмывання») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, дзяржабвінаваўца падчас судовага працэсу адмовіўся ад такога абвінавачвання. Суд пастанавіў вытворчасць па справе ў гэтай частцы (арт.235 КК) спыніць.
Фота: БелТА
Пракурор Аляксандр Кароль прасіў для Эдуарда Бабарыкі 10 гадоў калоніі.
З улікам прысуду ў 8 гадоў калоніі Эдуард Бабарыка, па разліках рэжыму, мае выйсці на волю прыкладна праз 3,5 гады (адзін дзень у СІЗА — 1,5 дня ў калоніі).
Да арышту Эдуард быў кіраўніком дзвюх краўдфандынгавых платформаў. У 2015-м стаў адным з заснавальнікаў Ulej, а ў 2019-м заснаваў MolaMola. Дзякуючы гэтым пляцоўкам беларусы маглі падтрымаць важныя ініцыятывы і праекты.
Адзін з самых значных праектаў — ByCovid19. Яго ўдзельнікі збіралі дапамогу бальніцам, дактарам і пацыентам падчас пандэміі.
На адным з судовых пасяджэнняў Эдуард Бабарыка быў з закаванымі за спінай рукамі. Скрыншот відэа «Мінская праўда»
Яшчэ адзін грамадска важны прыклад — выдавецтва кніг Святланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову.
Дзякуючы Ulej і Mola Mola беларусы змаглі рэалізаваць больш за 500 праектаў.
{POLL#1204}
Чытайце таксама:
Вязні наваполацкай калоніі мяркуюць, што ў Віктара Бабарыкі інсульт