Раптоўна памёр 46-гадовы міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка

4 ліпеня раптоўна памёр міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка, паведамілі БЕЛТА ў ведамстве.

05.07.2023 / 08:40

Аляксей Аўраменка нарадзіўся ў 1977 годзе ў Мінску.

У 1999 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію, у 2010 годзе — Акадэмію кіравання. 

З 2000 па 2001 год працаваў галоўным спецыялістам аддзела ўтрымання дарожнай сеткі Камітэта па аўтамабільных дарогах пры Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі, з 2001 па 2006 год — галоўным спецыялістам аналагічнага ўпраўлення ў дэпартаменце «Белаўтадар» ведамства. 

З 2006 года працаваў на розных пасадах ва ўпраўленні транспарту і сувязі апарату Савета Міністраў Беларусі. 

У 2012 годзе ўзначаліў упраўленне транспарту і сувязі апарату Савета Міністраў.

З 25 ліпеня 2013 года займаў пасаду намесніка міністра транспарту і камунікацый Беларусі, з 3 сакавіка 2016 года — пасаду першага намесніка міністра транспарту і камунікацый.

15 студзеня 2019 года Аляксей Аўраменка быў назначаны міністрам транспарту і камунікацый.

Прычына смерці не паведамляецца. 

За апошні год гэта трэцяя смерць беларускіх топ-чыноўнікаў: 26 лістапада 2022 года памёр міністр замежных спраў Уладзімір Макей, 2 красавіка гэтага года — намеснік міністра эканомікі Беларусі Сяргей Міцянскі.

Nashaniva.com