Беларусы змогуць падавацца на дазвол на жыхарства ў візавых цэнтрах Літвы
Беларусы змогуць падаваць дакументы на ДНЖ у візавых цэнтрах Літвы за мяжой. Пра гэта «Люстэрку» расказаў галоўны дарадца Дэпартамента міграцыі пры МУС Літвы Рокас Пукінскас. Ён адзначыў, што ў законе існуюць абмежаванні на падачу ДНЖ праз візавыя цэнтры толькі для расіянаў.
05.07.2023 / 07:19
Фота: migration.lt
З 1 ліпеня Літва скараціла спіс тых, хто можа падаваць дакументы на нацыянальную візу. Адзін з самых важных момантаў, што гэты дакумент цяпер не могуць атрымліваць студэнты-вочнікі літоўскіх ВНУ, а таксама тыя, хто працаўладкоўваецца ў літоўскія кампаніі. Акрамя таго, нацыянальную візу цяпер не выдаюць замежнікам па дэфіцытных спецыяльнасцях, а таксама тым, у каго ёсць дазвол на працу ад службы занятасці.
— У гэтых выпадках беларусы змогуць падаваць дакументы на ДНЖ не толькі ў Дэпартаменце міграцыі ў Літве, але і ў 34 цэнтрах VFS Global, якія працуюць за мяжой. Гэтыя дакументы будуць прымаць, разглядаць і далей ужо прымаць рашэнне па іх, — расказаў Рокас Пукінскас.
Між тым грамадзяне Расіі пазбаўленыя магчымасці падавацца на ДНЖ праз візавыя цэнтры за межамі Літвы. Таксама Літва прыпыніла выдачу ДНЖ расіянам, якія не маюць шэнгенскай або нацыянальнай візы Літвы альбо літоўскага ДНЖ ці аналагічнага дакумента іншай краіны ЕС.