Вядомае ўсім кафэ ў самым цэнтры Мінска выставілі на продаж. Цана — больш за 2 мільёны даляраў
На таргі выставілі кафэ «Залаты грабеньчык» на вуліцы Леніна, якім валодае «Трайпл». Інфармацыю пра гэта на пляцоўцы «Белрэалізацыя» заўважыў Realt. Пачатковая цана — 6,7 мільёна рублёў.
04.07.2023 / 13:16
«Залаты грабеньчык» знаходзіцца ў самым цэнтры Мінска — на вуліцы Леніна, 3. Установа спецыялізуецца на французскай кухні.
Кафэ належыць заснаванаму Юрыем Чыжом «Трайплу». «Залаты грабеньчык» — адзін з самых вядомых праектаў кампаніі ў сферы грамадскага харчавання.
Установу выставілі на таргі з усім абсталяваннем і мэбляй.
Плошча — 790 квадратаў. Пачатковая цана — 6 704 843 рублі, або каля 2,23 млн даляраў па сённяшнім курсе. Таргі будуць ісці на паніжэнне да мінімальнага кошту ў 6 034 359 рублёў. Аўкцыён пройдзе 4 жніўня.
Якія яшчэ будынкі і бізнэсы «Трайпла» ўжо прададзеныя і каму?
За апошні год на аўкцыёнах прадалі і іншыя бізнэсы і маёмасць «Трайпла».
Так, у чэрвені 2022 года была прададзеная Лагойская паляўніча-рыбалоўная гаспадарка «Макаўза». Комплекс за 641 тысячу рублёў набыла кампанія «Белсіціойл», якая на 100% належыць сыну Юрыя Чыжа.
У ліпені 2022 года прадалі турыстычную вёску Сабалі ў Брэсцкай вобласці, якой валодала звязаная з «Трайплам» кампанія «Буслаўка». Комплекс за 640 тысяч рублёў купіла кампанія «ПРОСТАРЫТЭЙЛ», якая кіруе гіпермаркетамі ProStore.
Увесну 2023 года на аўкцыёне прадалі і фітнэс-цэнтр Evo wellness club на Багдановіча, які належаў «Трайплу». Яго за амаль 2,9 млн даляраў купіла кампанія «Белфарм-Медыка», сузаснавальнікам якой з'яўляецца бізнэсмен-аптэчнік Андрэй Шчаброў.
А ў маі 2023 года будынак «Трайпла» ў гістарычным цэнтры Мінска прадалі за 1,5 млн даляраў.
У лютым 2023 года суд прыгаварыў Юрыя Чыжа да 3,5 года пазбаўлення волі за махлярства і адмыванне грошай. Але ад адбывання пакарання ў калоніі яго вызвалілі: ужылі амністыю і залічылі ў тэрмін пакарання час, які ён ужо адседзеў (бізнэсмен знаходзіўся пад вартай двойчы: з 11 сакавіка па 14 верасня 2016 года і з 15 сакавіка 2021 па 9 верасня 2022 года).
А ў маі 2023 года Юрый Чыж даў першае інтэрв'ю за доўгі час, дзе выказаўся наконт бізнэсу і сям'і.