Рэцэпт булачак, якія ніколі не чарсцвеюць — такія перадаюць палітвязням
Партал Politzek Times дзеліцца рэцэптам здобных булачак хакайда з курагой і разынкамі з цеста, якое ніколі не чарсцвее. Такую выпечку неабыякавыя беларусы перадаюць затрыманым у СІЗА.
03.07.2023 / 21:00
Для тангджонг (кісель, які робіць цеста далікатным і пульхным):
- 130 г малака,
- 20 г мукі.
Для цеста:
- 130 г малака,
- 2—2,5 ст. л. цукру,
- 30 г жывых дражджэй (10 г сухіх),
- 400 г мукі,
- 1 ч. л. солі,
- 1 яйка,
- 1 ст. л. смятаны,
- 2 ст. л. алею,
- 30 г мяккага масла.
У 130 г малака ўмяшайце венчыкам сталовую лыжку мукі і, пастаянна памешваючы, заварыце на пліце тангджонг. Прыкрыйце накрыўкай і трохі астудзіце.
У наступных 130 г цёплага малака растварыце цукар і дрожджы, паступова дадавайце пару лыжак мукі з агульнай колькасці. Калі падымецца шапачка дражджэй, увядзіце ў сумесь тангджонг, яйка, алей, смятану і соль, змяшайце і пачніце часткамі дадаваць муку. Калі цеста перастае браць муку, вымесіце яго 3—5 хвілін міксерам або рукамі.
Змажце цеста маслам і мясіце яшчэ хвіліны тры. Пакіньце яго ў цяпле. Калі аб'ём цеста павялічыцца ў 2-3 разы, яно гатова. З гэтага цеста можна зрабіць піражкі, а можна — булачкі. Рэцэпт булачак будзе ніжэй.
Булачкі хакайда з курагой і разынкамі
Раскачайце цеста ў прамавугольнік, пасыпце злёгку цукрам, нарэзанай курагой, разынкамі, акуратна згарніце ў рулет, зашчыпайце ўздоўж. Перавярніце швом уніз, разрэжце на любую колькасць кавалкаў і пакладзіце булачкі на бляху пад ручнік хвілін на 40—45. Разагрэйце духоўку да 190° на рэжыме верх-ніз. Змажце булачкі сумессю жаўтка напалову з малаком і пячыце 20—25 хвілін. Гатоўнасць вызначаецца па колеры. Дастаньце гатовыя булачкі, прыкрыйце іх ручніком, каб скарыначка была мяккай.
Калі вы любіце булачкі з карыцай, то да 2 ст. л. цукру трэба дадаць чайную лыжку карыцы і пасыпаць раскачанае цеста гэтай сумессю.
І яшчэ з гэтага цеста атрымліваюцца і смажаныя, і печаныя піражкі аднолькава добра. Начынка можа быць любой.