Выкладчыка катэхізіса трэці раз запар адправілі на суткі
Каталіцкі вернік і выкладчык катэхізіса Уладзіслаў Беладзед ужо месяц на Акрэсціна.
02.07.2023 / 19:16
Сёння адбыўся чарговы суд над ім — суддзя Карсюк вынес пастанову аб арышце на 15 сутак па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пра гэта паведамляе «Хрысціянская візія».
Пасля 30 сутак, праведзеных на Акрэсціна, Уладзіслаў выглядае як чалавек, які падвяргаўся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню, як адзначае «Хрысціянская візія», але ён захоўвае маральную сілу.
Як стала вядома, першае спагнанне ў выглядзе арышту на яго было накладзена за перасылку адной з пропаведзяў Патрыярха Кірыла.
Упершыню Уладзіслаў быў затрыманы 31 мая. Яго выклікалі ў той дзень у ДАІ, дзе і адбылося затрыманне. Вернік пад ціскам быў вымушаны зняцца ў міліцэйскім відэа.
У яго тэлефоне было знойдзена некалькі спасылак на незалежныя медыя, прызнаныя экстрэмісцкімі (напрыклад, «Зеркало»), якія ён пасылаў сваім сваякам і знаёмым.