«Інтэрв'ю са мной выклалі ў сацсеткі». Мінчанка запатрабавала кампенсацыю ў IT-школы
Ірына ўладкоўвалася на працу ў IT-школу. У працэсе з ёй запісалі інтэрв'ю, але да выкладання справа так і не дайшла: Ірына адмовілася ад працы, а потым заўважыла, што кампанія ўсё ж такі выкарыстоўвае відэа з ёй. Хто тут мае рацыю? Пра кейс піша «Анлайнер».
02.07.2023 / 17:02
«Заўважыла відэа выпадкова праз паўгода»
Гэтая гісторыя пачалася ў лістападзе мінулага года. Па словах Ірыны, яе паклікалі ў IT-Academy трэнерам па бізнэс-аналізе, а перад выхадам на працу папрасілі запісаць інтэрв'ю для кампаніі.
— Інтэрв'ю запісалі, як мне сказалі, група для навучання сабралася. Але я адмовілася ад працы: не задаволілі ўмовы аплаты.
Як высветлілася пазней, на гэтым гісторыя не скончылася. Праз больш чым паўгода Ірыне ў Instagram трапілася рэклама IT-Academy. Перайшоўшы ў профіль, яна ўбачыла там сярод іншых пастоў тое самае інтэрв'ю.
— Гэта была рэклама ці не?
— Складана сказаць, як гэта было канкрэтна выкарыстана: там не было напісана, што гэта рэклама для новай групы. Але першапачаткова гэта відэа павінна было выкарыстоўвацца, каб набраць групу. Калі я адмаўлялася, мне сказалі, што яна амаль поўная, там было каля 20 чалавек.
Калі Ірына праз амаль паўгода пасля публікацыі рабіла скрыншот паста ў Instagram, там было амаль дзве тысячы праглядаў. Гэта ж відэа размяшчалі на YouTube.
— Там было маё імя, але спасылку ні на якія мае сацсеткі не паказалі. Запускалі пост у таргет у Instagram ці не, я не бачыла, таму нічога не магу сказаць на гэтую тэму. Але першапачаткова інтэрв'ю было як прома для новай групы.
Ірына звязалася з кампаніяй, папрасіла выдаліць відэа і кампенсаваць выдаткаваны ёю час 700 далярамі.
— Я сказала, што гэта непрыгожая сітуацыя, я перанервавалася, таму што маё імя выкарыстоўваецца, а я нават не ў курсе, мяне ніхто не папярэдзіў пра гэта. Гэта першы момант.
Другі — я сапраўды выдаткавала на гэта час, яны ў выніку атрымалі з гэтага выгаду, хоць і адмаўляюць гэта. Таму я сказала пра кампенсацыю.
— Адкуль такая сума?
— Памер кампенсацыі я назвала не проста так. Курс для аднаго чалавека на той момант каштаваў каля 2,5 тысячы рублёў, па сутнасці, з кожнага чалавека амаль тысяча даляраў. Зразумела, што чыстымі атрымліваецца менш, але, калі набралася група з 20 чалавек, то выгада для іх была,
— мяркуе Ірына.
Пасля звароту відэа выдалілі, але ў кампенсацыі адмовілі. Ірына ж настойвае, што тут справа нават не ў грашах.
Са слоў жанчыны, яна адмовілася ад супрацоўніцтва 3 лістапада, калі тэлефанавала супрацоўніцы школы, а дата публікацыі ў Instagram — 9 лістапада. Пра факт публікацыі яна не ведала.
— Я б хацела нейкай справядлівасці. Лічу, што для такой буйной IT-школы гэта, мякка кажучы, неэтычна. Яны вучаць IT-дысцыплінам, у замежных кампаніях этычны бок, можна сказаць, на першым месцы. Там нельга так рабіць.
У мяне круты досвед, я працавала з сур'ёзнымі заказчыкамі. У інтэрв'ю кажу пра Dior, Facebook… То-бок гэта не нейкія кампаніі незразумела адкуль, гэта вельмі гучныя імёны. Яны гэтым скарысталіся, інтэрв'ю, з пункту гледжання маркетынгу і продажу курсаў, крутое, таму што мала хто можа пахваліцца такім трэнерам. Гэта ўнікальны досвед, я ў прынцыпе не ведаю ў Беларусі ніводнага чалавека менавіта з бізнэс-аналітыкаў, хто б працаваў з такімі ж кампаніямі.
Можа, хтосьці і быў, але з'ехаў. Выходзіць, школа атрымала вельмі добры матэрыял і ім скарысталася.
Іх пазіцыя: мы пішам інтэрв'ю з трэнерамі і не плацім за гэта. Мая пазіцыя: гэтыя трэнеры ў вас працуюць, яны за гэта атрымліваюць зарплату.
Калі б мне сказалі: «Дазвольце выкласці інтэрв'ю, мы будзем яго выкарыстоўваць, пакажам вас, і гэта будзе як рэклама», — то гэта адна справа. Іншая рэч — мне нічога не сказалі пра публікацыю, я яе нават не бачыла.
Што скажа другі бок?
Мы звярнуліся ў IT-Academy па каментар, і там пазначылі сваю пазіцыю: 1) гэта відэа для прафарыентацыі, а не камерцыйнае; 2) школа на ім не зарабіла; 3) прадмета для кампенсацыі няма.
— Першапачаткова ролік запісваўся як для прафарыентацыі і як прома для курса, дзе Ірына павінна была выкладаць. У гэтым відэа няма заклікаў прыходзіць вучыцца ў IT-Academy або іншых заклікаў чыста камерцыйнай накіраванасці, яно раскрывае Ірыну як эксперта, працуе на яе асабісты брэнд і дае некаторыя адказы на пытанні, якія часта гучаць аб прафесіі бізнэс-аналітыка.
Думаючы пра далейшую працу з ёй, мы ў тым ліку планавалі і маглі б выкарыстоўваць відэа (але ў тым выглядзе, у якім яно першапачаткова выйшла) як больш скіраванае на продаж. Першапачаткова мы гэтага не рабілі.
— Чаму відэа было ў выніку апублікавана?
— Наша пазіцыя — гэта цікавы прафарыентацыйны кантэнт, ён не ўшчамляе правоў Ірыны як эксперта і будзе карысны тым, хто шукае інфармацыю і адказы на свае пытанні. У відэа было паказана імя, яе пазіцыя на той момант, яна была паказаная ў выйгрышным святле як сур'ёзны эксперт.
Мы палічылі, што гэта публікацыя ніякім чынам не парушыць яе правоў і не прынясе шкоды яе іміджу, гэта цікавы і карысны кантэнт.
І ён быў апублікаваны да таго моманту, як Ірына апавясціла нас, што не гатовая працаваць з намі ў якасці трэнера, — прыводзяць сваю версію ў кампаніі.
Пасля звароту Ірыне прынеслі прабачэнні, але выплачваць кампенсацыю не плануюць.
— Калі коратка, то пытанне аб кампенсацыі першапачаткова не ставілася, і гэта не ў нашых правілах. Мы не працуем на камерцыйных умовах пры падрыхтоўцы кантэнту для прафарыентацыі.
Кампанія не зарабіла (на публікацыі відэа. — заўв. Onlíner), ні адзін слухач не прайшоў навучанне ў Ірыны як у трэнера. Кампанія таксама панесла выдаткі, з нашага боку ў камунікацыях і прадакшне было задзейнічана больш за 10 чалавек.
Мы не лічым, што інтарэсы Ірыны ўшчэмленыя, мы не атрымалі ніякай камерцыйнай выгады ад публікацыі матэрыялу і ставімся да яго як да прафарыентацыйнага. Не прымяншаючы яе заслуг як эксперта, заўважым, што ў інтэрнэце падобнага кантэнту вельмі шмат і чалавек можа яго знайсці без праблем.
Логіка была простай. Калі Ірына пачынае з намі супрацоўніцтва, то гэта будзе спрыяць яе піяру і набору навучэнцаў у яе групу; чым больш іх будзе, тым большы будзе ганарар трэнера. Вучоба не склалася, абодва бакі панеслі выдаткі часу і рэсурсаў. Таму наша пазіцыя такая: тут няма прадмета для кампенсацыі.
Што важна разумець, калі з вамі адбыўся падобны выпадак?
Вось што кажа юрыст Таццяна Рэвінская.
— Інфармацыя аб прыватным жыцці фізасобы і персанальныя даныя адносяцца да інфармацыі, распаўсюджванне і (або) перадача якой абмежаваная (абзац 2 ч. 1 арт. 17 закона №455 «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі»). 15 лістапада 2021 года ў Беларусі ўступіў у сілу закон «Аб персанальных даных». Персанальныя даныя — гэта любая інфармацыя, з дапамогай якой можна прама ці ўскосна ідэнтыфікаваць чалавека. Выява знешнасці чалавека ў тым ліку адносіцца да персанальных даных.
Перад тым, як публікаваць інфармацыю, якая змяшчае персанальныя даныя канкрэтнага чалавека, трэба атрымаць яго згоду, як тлумачыць юрыст.
— Калі Ірына не давала сваёй згоды на размяшчэнне роліка ў сацсетках, то кампанія не мела права выкарыстоўваць гэты кантэнт, і не мае значэння, якія мэты пры гэтым ставіліся.
Калі выява чалавека, якая была атрыманая або якая выкарыстоўваецца з парушэннем вышэй названых патрабаванняў, распаўсюджаная ў інтэрнэце, грамадзянін мае права патрабаваць яе выдалення, спынення або забароны далейшага распаўсюджвання.
Пры гэтым асоба, чые правы парушаныя, мае права запатрабаваць прыцягнення парушальніка да адміністрацыйнай адказнасці (арт. 23.7 КаАП), а таксама кампенсацыю маральнай шкоды.
— З улікам нормаў закона аб персанальных даных і закона аб інфармацыі права на кампенсацыю маральнай шкоды ёсць у любой фізічнай асобы незалежна ад таго, хто парушыў яе правы — арганізацыя ці фізасоба.
У дачыненні да гэтага выпадку, калі патрабаванні Ірыны аб кампенсацыі не будуць задаволеныя, яна можа звярнуцца ў суд, адзначыўшы ў заяве, хто, пры якіх абставінах і якімі дзеяннямі прычыніў фізічныя або маральныя пакуты, у чым яны выяўляюцца і ў якую суму ацэньваецца кампенсацыя.
Пры гэтым для кампенсацыі маральнай шкоды неабходна будзе даказаць факт парушэння правоў, шкоду і віну асобы, якая дапусціла такое парушэнне.