Латвія збіраецца ўвесці электронную чаргу на мяжы з Беларуссю

Латвія працуе над рашэннем аб увядзенні электроннай чаргі на мяжы з Беларуссю і Расіяй, якая дазволіць кіроўцам уставаць у чаргу ў загадзя вызначаным парадку ў камп'ютарнай сістэме. Пра гэта Латвійскаму тэлебачанню паведаміў міністр фінансаў Арвілс Ашэрадэнс, як піша Reform.by.

01.07.2023 / 12:16

Фота: mk.gov.lv

Паводле яго, гэта дазволіць скараціць доўгія чэргі на мяжы.

Кіраўнік ведамства праінфармаваў, што ўжо выдзелілі сродкі на ліквідацыю доўгіх чэргаў. Цяпер чэргі на мяжы займаюць амаль два-тры дні. У чацвер, напрыклад, першыя грузавікі можна было ўбачыць на абочыне шашы прыкладна за два кіламетры ад мытнага пункта «Патэрніекі».

«Цяпер мы працуем над увядзеннем электронных чэргаў на мяжы. Іншымі словамі, кіроўца будзе ведаць, калі яму трэба ехаць на мяжу, рэгіструючы сваю чаргу ў загадзя вызначаным парадку ў камп'ютарнай сістэме», — адзначыў міністр.

Бачачы дакументы кіроўцы, мытнікі змогуць планаваць, якія праверкі неабходныя для канкрэтнага грузу.

Адзначаецца, што прыярытэтам для мытнікаў цяпер будзе не садзейнічанне гандлю, а кантроль за выкананнем санкцый.

«Калі мы паглядзім на статыстыку, то 70% усіх праверак (а 70% — гэта сапраўды велізарная колькасць) мы ажыццяўляем непасрэдна кантроль санкцыйных тавараў, — паведаміў дырэктар мытнага ўпраўлення Службы дзяржаўных даходаў Райманд Зукулс. — [Папраўкі] таксама абмяжоўваюць рух некаторых тавараў транзітам праз тэрыторыю Расіі, тавараў, прызначаных для Цэнтральнай Азіі, скажам, Кыргызстана, Казахстана. І, вядома, гэты санкцыйны рэжым уплывае на агульны паток».

Чытайце таксама:

На літоўскай мяжы будуць строгія праверкі беларусаў. Могуць нават закрыць мяжу

Падстаў для закрыцця мяжы з Беларуссю пакуль няма — кіраўнік МЗС Літвы

Nashaniva.com