«Можаце не ўступаць, але навошта бацькам марнаваць грошы на арэнду кватэры?» У МДЛУ палохаюць, што без членства ў прафсаюзе і БРСМ не заселяць у інтэрнат
У студэнтаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якія не ўступілі ў прафсаюз і БРСМ, могуць быць праблемы з месцам у інтэрнаце.
30.06.2023 / 15:04
Ілюстрацыйны здымак. Фота: суполка МДЛУ ва «УКантакце»
Некалькі нашых суразмоўцаў расказалі, што атрымлівалі ад адміністрацыі ВНУ паведамленні: «Вы не лічыцеся сябрам прафсаюза, таму ведайце, што могуць узнікнуць праблемы з засяленнем у інтэрнат у наступным навучальным годзе». Вядома, адразу ідзе рэкамендацыя ўступіць у прафсаюз як мага хутчэй, каб паспець да пасяджэння камісіі па жыллёва-бытавых пытаннях.
Хтосьці атрымліваў аналагічныя «сяброўскія парады» падчас прыватнай гутаркі з прадстаўнікамі навучальнай установы:
«Вядома, вы можаце нікуды не ўступаць, але падумайце: навошта вашым бацькам потым марнаваць шмат грошай на арэнду кватэры?»
На афіцыйным сайце МДЛУ можна знайсці парадак засялення студэнтаў у інтэрнаты за мінулы навучальны год. Там сапраўды сярод тых, хто мае права прэтэндаваць на першачарговае засяленне ў інтэрнат, ёсць пункт «сябры першаснай прафсаюзнай арганізацыі МДЛУ». Пра БРСМ згадак няма. У прыкладзе партфоліа (рэкамендуюць падаваць у электронным выглядзе паралельна з заявай на інтэрнат і іншымі дакументамі) інфармацыя пра тое, ці ёсць студэнт сябрам прафсаюза, ідзе ў першым сказе — адразу пасля імя і прозвішча.
Ці сапраўды неабходна быць у абедзвюх арганізацыях — прафсаюзе і БРСМ — для таго, каб атрымаць месца ў інтэрнаце? З такім пытаннем некаторыя бацькі студэнтаў звярнуліся да прадстаўніцы ВНУ. І вось які адказ атрымалі: «Калі ваша дзіця і ў прафсаюзе, і ў БРСМ, то гэта яму дасць перавагу пры размеркаванні месцаў у інтэрнаце».
Чытайце таксама:
З Полацкага дзяржуніверсітэта звольнілі не менш за cем супрацоўнікаў