Залужны — сяржанту-штурмавіку: Ану, адзеўся бягом! Заробіш у мяне!

Старшы сяржант 47-й асобнай механізаванай брыгады Узброеных сіл Украіны «Магура» Валерый Маркус расказаў пра суткі штурму, а галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны папракнуў яго, што той зняў бронекамізэльку. На гэты факт звярнула ўвагу «Украінская праўда».

29.06.2023 / 08:51

Генерал Залужны і Валерый Маркус. Калаж: «Украінская праўда»

«У нас учора былі суткі штурмаў. Мы прасунуліся вельмі далёка, вельмі глыбока. Пешшу, таму вельмі стаміліся», — паведаміў Маркус у фэйсбуку.

Ён адзначыў, што здымае відэа з варожых акопаў, у якіх шмат трупаў захопнікаў.

Усю ноч ён з пабрацімамі правёў у «маленькай траншэйцы», каб не страціць пазіцыю і прасоўвацца далей. Абаронцы павінны былі спаць на трупах ворагаў.

«Мы зараз з баямі будзем прасоўвацца далей, углыб. Відавочна, што гэта будзе не хутка, бо абарона ў іх тут вельмі шчыльная, вельмі якасна выбудаваная».

Пад гэтым допісам з відэа пакінуў каментар галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны. Ён загадаў Маркусу надзець бронекамізэльку, бо той сядзеў у акопе без яе: «Валерый! Ану адзеўся бягом! Заробіш у мяне».

Каментар сабраў вялікую колькасць лайкаў.

Валерый Маркус і прэзідэнт Зяленскі. Фота: «Украінская праўда»

Nashaniva.com